дадому раней за ягонага дзядулю, мне будзе даравана. Я пагаджаюся, каб як мага хутчэй знікнуць з гэтага месца, але ўжо на выхадзе пачынаю пра гэта шкадаваць – лепш бы я ў знак кампенсацыі пакінуў в’етнамцам гадзіннік і пярсцёнак. Тут я заўважаю, што іх у мяне ўжо няма, але ўгаворваю сябе не пераймацца, урэшце, я ж толькі нядаўна іх набыў па смешна нізкім кошце, таму ніякай вялікай страты не пацярпеў. Галоўнае цяпер – выпіць па дарозе віна і як найхутчэй дабрацца дадому.
Вяртаюся я той самай дарогай, што прыйшоў, але ўсё навокал выглядае крышку іначай. Найбольш мяне ўражвае агромністая колькасць людзей на вуліцах, збольшага маладых, – праз іх амаль немагчыма прабіцца. Паводле таго, як сцямнела, я ўсведамляю, што не паспею ўжо зайсці ў свой улюбёны бар, дзе павінны акурат збірацца мае сябры, і прыспешваю хаду. Павярнуўшы галаву ўлева, у бок ракі, я са здзіўленнем заўважаю, што паралельна са мной па ўзбярэжжы ракі шыбуе маленькі стары в’етнамец, спрабуючы як мага хутчэй пераадолець на сваім шляху ўсе перашкоды: абмінае людзей, скача цераз машыны, выяўляючы пры гэтым спрыт, нечуваны для ягонага веку. Я згадваю пра дамоўленае пары і ўсведамляю, што, калі прайграю яго, мяне чакае нешта горшае за смерць. Я пачынаю з усяе сілы бегчы ў напрамку свайго дома, але збочваю не туды, у нейкім скверы мяне спыняе маладзён славянскага выгляду й паведамляе, што тут – расейскі раён, а мне трэба да в’етнамцаў. Непадалёк гурток ягоных сяброў выбівае душу з нейкага выпадковага мінака. Я зноў прашу прабачэння й абмінаю сквер, вяртаючыся на свой ранейшы маршрут, спрабую нападабняць у сваіх рухах старога в’етнамца, таксама пераскокваю пару машынаў – але, нягледзячы на гэта, дарога здаецца мне бясконцай. Я клянуся сабе, што больш ніколі не буду заключаць ніякіх пары, нават здымаць ніякіх фільмаў, а замест гэтага займуся кінакрытыкай – уласна, гэта мой улюбёны занятак, які я закінуў дзеля практычнай творчасці, а цяпер не магу зразумець чаму. Дзядуля тым часам не адстае, але й не абганяе мяне, трымаючыся на бяспечнай адлегласці, назіркам: я заўважаю, што да яго далучыўся ўжо цэлы гурт нашмат маладзейшых в’етнамцаў, узброеных нейкай арматурай. Спаборніцтва ў бегу, такім чынам, ператвараецца хутчэй у паляванне на мяне – я разумею, што павінен збіць іх з панталыку, каб самому не давесці іх да свайго дому. Я згадваю, што паблізу жыве адна мая сяброўка, і заходжу да яе ў госці.
Дзверы мне адчыняе яе муж, малады русявы хлопец невысокага росту, з якім я знаёмы досыць павярхоўна і якога не баюся, трымаюся з ім самаўпэўнена: маўляў, мне да ягонай жонкі, трэба пераначаваць і г. д. Ён не супраць, мяне кладуць з краю на сямейны ложак, побач з якім месціцца тумбачка, куды я магу адкласці свае рэчы. Адчыніўшы шуфляду, я раптоўна бачу там пасрэбраны пісталет, свой нядаўна пазбыты гадзіннік, а таксама – шэраг лістоў і фотаздымкаў, якія красамоўна сведчаць пра тое, што між мною і жонкай хлапца ў мінулым, прычым у гэтай жа спальні й на гэтым жа ложку, адбыўся бурлівы раман. Я ўсведамляю, што