бесперапынна паўтараў “ясна халера” i “холера ясна”. I нi слова больш.
– А гарэлку сёння обыватэль піў? – дапытваўся малады сяржант. Але адказ быў нязменны: «Холера ясна…»
Потым, калi ўжо сумная навіна на добрасуседскіх крылах аб’явілася ўсяму Мястэчку, прыбегла таксама цётка Люба. Яна ўголас рыдала i пыталася, што рабiць адзiнокай жанчыне, муж якой па апошнiя днi свае будзе гнiць у астрозе. Затым гутарыў з мiлiцыянерамi дзядзька Ваня.
– Значыць, пракаціліся мы, – азваўся, хмурна зазiраючы ў вочы сяржанту.
– Ага, – пацвердзiў сяржант.
– А такiя старэчы, што бестурботна i без кантролю малодшых сямейнiкаў сноўдаюць публiчнымi дарогамi – калi не скандалам, як тады iначай назваць? – ад злосцi дзядзька Ваня торгаў доўгiя вусы.
– Ну, – сяржант зняў шапку, пачухаў патылiцу.
– Што – ну? Якое – ну? Аплачвае вас народная ўлада, а нармальнаму грамадзянiну нiяк i праехацца сваёй вулiцай. А ўвогуле вулiца, брукаваная коўзкiмi камянямi, асаблiва ў нашай краiне – адкрытая правакацыя i анахранiзм. I час ужо навесцi тут парадак.
Сяржант, здагадваючыся, што гутарка стае на палiтычныя рэйкi, куды больш коўзкія за вулічны брук, адступiў на два крокi назад. Гэтаму хлопцу, звычайнаму, як і ўсе жыхары Мястэчка, відаць не чужая была тэорыя бабкi Сонькi аб iмперыях, што ўзнікаюць з адной мэтай – з абедзвюх рук шпарыць па мухаедах тутэйшага, праваслаўнага мужыка. Адступiў яшчэ два крокi, трэснуў сiнiмi дзвярыма, на век вечны заключаючы арыштанта ў цёмных вантробах аўто i даў знак: “Паехалi”.
– Не плач, – сказала бабка Сонька, агортваючы цётку Любу словам. – Усё ў Боскіх руках.
Бліжэйшыя дні бабка Сонька пачынала з малітвы за хуткае вяртанне дзядзькі Колі. У царкоўцы з такой жа мэтай кожную нядзелю запальваліся свечкі. Жаночымі слязьмі сплываў воск на падсвечнікі. Але дзядзька Коля не вяртаўся.
– Эх, бабы! Зусім вы, як дзеці! – назіраючы за бясплённымі намаганнямі, сказаў аднойчы дзядзька Ваня.
Ноччу ён сеў на цягнiк i ў дванаццаць хвiлiн на трэцюю адправiўся ў Варшаву. Ніхто не ведаў нічога пэўнага, але ўсе шапталіся: цi не да Герэка паехаў чалавека ратаваць?
Наступным вечарам усе вокны ў Мястэчку азарыліся фіялетава-сінім святлом тэлевізараў. На экраны, як i штодзённа, выходзіў пан Герэк. Ён усмiхаўся, гаварыў прыемныя словы і ні ў якім выпадку не паводзiў сябе як чалавек, які мае нейкі клопат.
“Пэўна, не дайшоў Ваня, куды трэба. Не дазволілі, не дапусцілі. Гляньце, які той Герэк вясёленькі. Напэўна, нічога не ведае і не здагадваецца”, – засумавала цётка Люба.
Дзядзька Ваня вярнуўся праз тры дні. Стомлены, непаголены, вочы абведзеныя чорнымі кругамі. Менавіта так з пераможных паходаў вярталіся сярэднявечныя рыцары і новачасныя партызаны. Адразу на вакзале сеў у таксi, замовіў курс на местачковую турму, і за пяць хвілін выцягнуў адтуль дзядзьку Колю на белы свет.
Пад вясну, ледзь снег паспеў адысці ў далёкае мора, заехалi на вулiцу экскаватары, дарожныя каткi, трактары i іншыя машыны, якiя мы, бачыўшы ўпершыню, не ўмелi назваць. З аграмадных