пасля заканчэння сяўбы геадэзы вярнуліся. Пад наглядам камісараўагітатараў адмянілі сваю ранейшую працу, спайваючы паасобныя загоны ў адзін бязмежны арганізм.
– Што тут цяпер будзе? – пыталі мужыкі.
– Тут цяпер будзе калгас. Вялікі Савецкі Саюз зноў ідзе да нас з братэрскай падтрымкай і дае прыклад, як добраўпарадкаваць зямлю, – вывучанай фразай адказвалі камісары.
– Ну вось, нікуды мы і не дзеліся, – сказала бабка Сонька, агортваючы позіркам доўгія радкі капусты. Дворская зямля раскрылася якраз зялёнымі лісткамі, і яны радасна выбягалі да сонца і да людзей для агульнага карыстання.
Калгас выстаяў год. Прытаіў дыханне да жніва, адгарланіў восень, сяк-так перазімаваў. Напрадвесні разваліўся, а вясной людзі выйшлі ў поле шукаць кожны сваю мяжу.
Зямля, загартаваная ў доўгай гісторыі ледавікамі, землятрусамі і шматлікімі сутычкамі з каметамі і астэроідамі, і гэты кароткі эксперымент вытрымала, не міргнуўшы вокам. Больш пацярпела яе жывая матэрыя. У полі асот узяў перамогу над аўсом, а коні, прастаяўшы зіму на поснай сечцы, дайшлі да вясны моцна скарочанай чарадой. Але тады жыхарам маленькай Апакі працягнула руку дапамогі заакіянская імперыя. У выпадку Уладзіміра Іванюка падтрымка выявілася чорным, смалістым канём. У гонар ахвяравальнікаў назвалі яго Унрам.
“Якое цікавае жыццё. Раз чалавек на белым кані, другі раз на чорным”, – здзіўляўся Уладзімір, закладваючы хамут на смалістую шыю Унры.
Загледжаны ў чорную кропку, Уладзімір ішоў за плугам і думаў: “А калі б так даць каню абсалютную волю, мабыць, пралажыў бы ён скібу аж у сваю далёкую Амерыку? А можа, плюнуў бы на плуг ды праляжаў бы ў цяньку дзень да вечара?”
Часам, калі жаўрукі песняй збівалі з прасторы пах неба і скідалі яго ўніз, спыняў каня і слухаў. Затым схіляўся, набіраў жменю пяску, нюхаў яго. Прыжмурыўшы вочы, чарговы раз трапляў у здзіўленне: “Водар нябёсаў нічым не адрозніваецца ад водару зямлі. Значыць, хто ведае пах зямлі, не заблудзіць і ў небе”.
Аднойчы, калі жаўрукі ашалелі ў бясконцай песні ды цягнулі яе так доўга, пакуль неба поўнасцю не звалілася на поле і лес, а дзед Уладзімір, прысеўшы на кукішкі, насычаў ноздры водарам блакітаў, чорны Унра капытом, магутнейшым за кулак Махамеда Алі, пацэліў яму дакладна ў патыліцу. Засталося зрабіць адзін крок і ступіць у нябёсы.
– Усе імперыі на тое і ўзнікаюць, каб тутэйшага праваслаўнага мужыка шпарыць з абедзвюх рук па мухаедах, – сцвердзіла бабка Сонька. – І лепей тры разы прамаўчаць, як тры разы сказаць “так” або “не”.
На тры фурманкі яна загрузіла хатку і сыноў і выправілася ў Мястэчка, дзе раней пасялілася яе малодшая сястра Маруся, што за ваенным часам насіла ў лес партызанам хлеб і маленькую жменьку звычайнай, жаночай радасці. Зараз, заваяваўшы магістраты і іншыя важныя ўстановы, партызаны паклікалі за сабой і яе. Уладкавалі вахцёркай на фабрыцы і кожны год у Дзень перамогі прыхарошвалі яе бліскучым медалём або ордэнам.
– Дом