Таццяна Барысік

Жанчына і леапард (зборнік)


Скачать книгу

прыхільнасць да Амара Хаяма і ягоны падарунак сябру, былому настаўніку: кніга Уладзіміра Высоцкага. Выбранае, пільная ўвага да ўніверсітэцкага паэтычнага зборніка. Што ўжо казаць пра Міхасёвы размовы на бяседах! Людская гамана даўно ператварылася ў перадачу малацікавай інфармацыі пра асаблівасці ўласнага побыту.

      – Буракоў дробных наварыла, пад’ела. От, смачна!..

      – Мой унук паступіў на завочнае, на платнае, другі курс ужо, на сесію паехаў. Дык я ўжо сяджу, думаю, хаця ж бы ён здаў экзамены тыя…

      – Я такая чысцёха! Люблю парадак у хаце. Як маладзейшая была, усё паўмываю, паўчышчаю, фіранкі накрухмалю, мост пашкрабу, пыл з фікуса анучкай выцеру…

      Вось так, бывае, сядзіш, слухаеш і маўчыш. Бо смак буракоў не змяняецца год ад году, а бабулін унук абавязкова яшчэ папап’е людское крыві. Бо калі, пражыўшы жыццё, табе няма чаго распавесці нашчадкам, апроч прыбірання ў хаце, дык, пэўна, не хваліцца, а галасіць варта.

      Міхась жа ў гутарках не кранаў тэлесерыялаў, не ўзвялічваў сябе, пахваляючыся штодзённымі клопатамі. І тут справа, бадай, не ў адсутнасці тэлевізара ды наладжанага побыту, проста для гутарак знаходзілася нешта цікавейшае, больш важнае. Так, аднаго разу ён прызнаўся, што не толькі чытае чужыя вершы, але й піша свае:

      – У мяне іх багата. Я іх пішу і пад койку кідаю! «Лебедзь, рак і шчупак» – у падробку Крылову, – абвясціў Міша назву ўласнага твора і пачаў чытаць. Твар ягоны адразу пасвятлеў, бы на імшы, а голас… Голас хрыпеў і зрываўся. Каб разабраць праз хрып і сіпенне тэкст, змоўклі ўсе, хто сядзеў побач. Тое, што ўдалося пачуць, мо і не з’яўлялася скарбам сусветнай літаратуры, але было куды самабытнейшым за скляпаныя наспех шэдэўры зорак раёнкі. Дый заканчэнне байкі атрымалася цалкам сучасным. Героі Крылова цягнулі воз у розныя бакі, персанажы Міхася ўвогуле адмовіліся брацца за працу.

      На жаль, голас паэта я тады чула ў апошні раз. Нейкі час сустрэцца не выпадала. Казалі, нібы Міша быў бы не супраць надрукаваць свае творы хаця б на старонках мясцовай прэсы. Але ў хуткім часе яму стала не да вершаў. Урачы выявілі апроч сухотаў яшчэ й анкалогію. Некаторыя ў вёсцы імкнуліся не спатыкацца з Мішам, каб хвароба на іх не перайшла.

      Ён завітаў да нас напярэдадні дзявятага траўня. Знакам папрасіў у мяне асадку з папераю. Павіншаваў старых са святам. Я ў адказ пажадала яму здароўя.

      – Мне засталося год ці паўтара, – прачытала я на аркушы сшытка. Вось так і скончылася нашая гутарка-ліставанне.

      Чакаеце трагічнага фіналу? А трасцу ў бок! Стары, які напярэдадні Дня Перамогі збаяўся паціснуць Мішу руку, нечакана памёр праз тыдзень з невядомай прычыны. Мішавага дзядзькі-здараўца не стала праз год, а яму зрабілі аперацыю і ён акрыяў, нават звычкі выпіваць не кінуў. Праўда, свой голас паэт страціў назаўжды. Далі інваліднасць. У вёсцы ён не з’яўляўся. Цётка прадала лецішча. Болей з Міхасём я не бачылася, у друку ягоныя вершы так і не з’явіліся, ды і наўрад ці ён працягвае іх пісаць. Навошта? Уголас іх чытаць