сказаў я, – але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.
– Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.
– Адчайныя і кончаныя душы, – сказаў я, – але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.
Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.
– Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.
– Нельга мужыкоў, – амаль ускіпеў ён. – Іх зусім не будзе.
Я паціснуў плячыма.
– У чым усё ж справа, гаспадар?
– Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?
– Год, – суха сказаў я, – год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.
– Цхакен, прыяцель, – сказаў ён трохі мякчэй, – я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.
– Дык хто ўсё ж ткі ідзе?
– Хамы ідуць.
Мне не спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.
– Хамы ідуць, – паўтарыў ён.
– Гэта не вельмі страшна, – сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.
– Ты не бачыў іх у Віцебску, – сказаў ён, – калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.
– Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.
– А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.
– Сорак міль па рацэ адсюль, – усміхнуўся я. – Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?
– Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.
– І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.
– Гэта горш, – ён пачынаў злаваць. – Чаму?
– Таму што сёння ў іх ёсць галава.
Па маіх вантробах прабег мароз: гэта сапраўды горш. Але я ведаў, што гэтага чалавека яшчэ ў раннім юнацтве да смерці напужалі зверскія морды, сякеры, паходні, труп епіскапа, які валачылі за ногі па вуліцах, вынішчэнне яго гвардыі. Неразумна было б палохаць яго. Таму я адмахнуўся ад яго слоў.
– Глупства, – сказаў я, – галава ў час вайны рызыкуе не менш, чым ногі. На што ўжо быў хітры шведскі кароль, а і той не мінуў кулі.
– О, Канрад, вы ж біліся з ім, – раптам загарэўся ён. – Што гэта быў за чалавек?
Я ўсміхнуўся сам сабе. Клянуся касой Маці Божай, на гэтай зямлі кожны марыць аб славе. Нідзе не чытаюць і не распытваюць так прагна пра Аляксандра, Цэзара і іншых разбойнікаў. Нават гэты, якому сядзець бы дома і пладзіць дзяцей, чалавек хутчэй люты, чым мужны, загарэўся, ледзь патыхнула дымам вайны.
Я паціснуў плячыма з прытворнай абыякавасцю: – Гэты галандскі мазіла Ван Дэйк напісаў партрэт шведа, але ён не падобны. Ён на ім чысценькі, як хлопчык, якога мама вядзе ў царкву. А гэта быў здаровы мужалап,