Першы крок быў зроблены. А за ім пайшлі далейшыя крокі, цяжкія, марудныя, але кожны з іх крыху набліжаў жаданую сушу.
Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Досыць высокі, сухі, ён глядзеў на поўдзень і добра награваўся праменнямі сонца. Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку; ад нагрэтай зямлі патыхала цеплынёй, як у добры летні дзень. Асабліва вабілі да сябе пляміны чыстага белага пяску. На яго і паваліліся нашы падарожнікі.
– А тут было б зусім нядрэнна, калі б… – пачаў Віктар млявым голасам.
– Калі б не гэтае «калі б», было б сапраўды добра, – згадзіўся Мірон. – Але калі мы засохнем у такім стане, то будзе яшчэ горш, – мы зробімся муміямі.
– Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, – засмяяўся Віктар.
– Ды і табе не лепш будзе, – адказаў Мірон. – Трэба змыць гэтую гразь.
Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:
– Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.
– Трэба, – пацвердзіў Віктар.
І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:
– Нічога не зробіш, трэба ўставаць.
– Трэба, – пацвердзіў Мірон.
І зноў абодва засталіся ляжаць.
Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:
– Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!
– Два! – падхапіў Віктар.
А «тры» не сказаў ні той, ні другі – так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.
Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.
Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.
Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.
– Эх, шкада дабра! – уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. – Дзе яго цяпер возьмеш?
– І добра! – сказаў Мірон. – Прынамсі, курыць адвыкнеш.
– Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.
– Цяпер для мяне гэта было б вельмі дарэчы, – спакойна прамовіў Мірон і выцягнуў з кішэні мокрую скарынку хлеба.
– Хлеб?! – падскочыў Віктар.
– Ціха, ціха! Ты ж толькі што казаў, што можаш не есці, абы махорка была. Выбірай – або хлеб, або махорка.
– Тады ліха з табой, не трэба, – пакрыўдзіўся Віктар.
Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі.
Калі вытраслі ўсе свае кішэні, то ў абодвух насы апусціліся яшчэ ніжэй. Агульная маёмасць была: махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая хустачка, восем рублёў семдзесят чатыры