дастаецца. Пакланіўся нявесце, вачэй не ўзняўшы. Працягнуў руку жаніху… А другой рукой – як шмаргане з ягонае шыі матузок, а на тым – скрутачак…
Як ён наважыўся, як вытрываў супрацьсілы ведзьмаковай – адно каханне ягонае ведае. Во застаўся на далоні Янкі шнар – як ад распаленага жалеза. А са скрутачка дастаў Янка пурпуровую хустку – тую самую, што калісьці сам каханай сваёй падарыў, а пасля Агатка ці то згубіла, ці скраў нехта.
Ускрыкнула Агатка, нібыта лацугі з яе цяжкія спалі, кінулася да Янкі свайго, словы кахання прамаўляючы. I Нічыпор закрычаў. Страшна, як звер лясны. Ды ў хустку ўчапіўся – але позна: толькі маленькі пунсовы лапік застаўся ў ягоных скурчаных пальцах. На вачах ва ўсіх пачаў вядзьмак рабіцца старым, нямоглым, нібыта ўсыхаў, і ўрэшце ўпаў на падлогу чорным сухім карэньчыкам з пунсовым пялёсткам.
Узяў нехта з гасцей чорны корань ды выкінуў за плот, на сметнік.
А на наступную вясну, калі Агатка з Янкам былі ўжо шчаслівай сямейнай парай, на сметніку ля кавалёвае хаты вырасла высокая дзіўная кветка. Зусім непрыгожая, непаглядная, але валодала яна вялікай лекавай моцай. Асабліва яе карэньчыкі. Нібыта выкупляла зло, утворанае колісь Нічыпорам.
Але ля хат усё-такі не прыжылася кветка, паступова перабралася ў лес, у хмызнякі. Там і цяпер можна яе сустрэць.
I назвалі тую расліну – чарнакорань пурпуровы.
Апошняя песня скрыпкі, альбо Валяр'ян Двухдомны
Нездарма кажуць, што толькі той можа зразумець чужую бяду, хто сам такога пакаштаваў.
Нарадзіўся аднойчы ў звычайнай вясковай сям"і незвычайны хлопчык. Было яго сэрца адкрытае навакольнай прыродзе. Кажуць, умеў ён чуць не толькі спевы птушак, але і размовы дрэў, і гуд надземных крыніцаў. I пяці год не было Валяр'яну, як зрабіў ён сабе першую дудачку, а колькі рабіў такіх пасля! А як паслухаў у карчме музыкаў, дык зладзіў сам сабе скрыпачку – з ліповае драўніны ды жылак. I ўжо як хораша ён на сваёй скрыпачцы граў!
Вёска ў той час не заўсёды мела досыць хлеба. Таму на дзівакоў, якія лічылі аблокі і выразалі замест патрэбнага ў гаспадарцы начыння дудачкі, глядзелі непрыхільна, і горкі быў лёс адораных мастацкім талентам беднякоў. Але маленькаму Валяр'яну пашанцавала. Хаця не была яго сям'я заможнай, але маці і бацька любаваліся сваім пястунчыкам, і яго гранне на самаробных інструментах здавалася ім прыгажэйшым за гранне ўсіх на свеце музыкаў – у якіх бы вялікіх гарадах свету тыя ні навучаліся.
Вось з такога вялікага горада і прыехала аднойчы ў вёску пані. I вёска, дзе жылі Валяр'янавы бацькі, і самі бацькі, і Валяр'ян належалі пані, як і багаты маёнтак, што колісь стаяў па той бераг рэчкі. Пані магла рабіць са сваёй маёмасцю, жывой і нежывой, што ён заманецца – прадаць, абмяняць, пакараць…Але пані рэдка бывала тут, дзе ўсё здавалася ёй дзікім і нецікавым.
Але калі праязджала пані праз вёску, пачула яна незвычайныя гукі – нехта граў на скрыпцы, ды так міла, так хораша. Гранне нагадала пані тую краіну, у якой яна любіла жыць – на беразе