Ала Сямёнава

У святой краіне выгнання


Скачать книгу

і снежны, то ўсе былі ў зімовых паліто.

      Да таго ж яшчэ з Вілейкі маці Даны ездзіла – чамусьці ў Гомель – па багаж. І папрасіла нейкіх сімпатычных самавітых людзей, мужа і жонку, пасцерагчы хвілінку іх валізкі. Калі Вольга Станіславаўна вярнулася, тых дабрадзеяў як чорт хвастом накрыў. Разам з куфрам, дзе было багацце Азарэвічаў: Бібліі, кнігі, альбомы са здымкамі, дакументы іх сям’і, розная драбяза, пра якую гавораць: дарагія як памяць. Зніклі і дзве валізкі з кнігамі. Усё гэта было цяжэннае – і наўрад ці спатрэбілася тым рабаўнікам. А дзед і маці ўчарнелі ад тых страт. Дзед маўчаў, Вольга Станіславаўна ведала сваю правіну – сапраўды, толькі яна магла ў сорак чацвёртым (!) ваенным годзе займець вялікі давер да незнаёмых людзей.

      А ў Даны з тых падзей пэўная старожкасць засталася на ўсё жыццё.

      І калі ў хаце з вокнаў здымалі фіранкі, парадкуючы хату перад святамі, а вокны, як запаляць святло, зеўралі адкрытай цемрай, Дана заўсёды адчувала няўтульнасць і трывогу. І прысутнасць зладзеяў у свеце.

      Яшчэ горш за зладзеяў помнілася клятая табліца множання. Яе вучылі якраз тым часам, як жылі на той кватэры. Большага пакарання, як вучыць табліцу, не было. Потым засвоілася неяк сама. Але са школьнай навукі, што давалася лёгка і неўпрыкмет, найвышэйшай пакутай выдавала тая табліца.

      У Баранавічах, здавалася, усё было супраць іх. Нават у дзень нараджэння Даны. Менавіта тады Ніна кляла яе: «Гэта ж не дзеўка, а чорт з макам. Квелая-квелая, а тут – зямля ж гарыць пад нагамі!» Прынамсі, прычына для гневу была: новая блакітная маркізетавая сукенка да прыходу дарослых мала што пераўтварылася ў нешта невыразна шэрае і выразна бруднае, дык шматок ад яго застаўся – навекі – на баранавіцкім плоце. Да прыходу Ніны (яна выкіравалася на кірмаш) Дана, пабіўшыся аб заклад, з гонарам асвойтала вішню і чарэшню, і, уздзябурыўшыся на плот, падбіралася да клёна. Пачуўшы лямант Ніны, тарганулася, і… высветлілася, што маркізет – не самая трывалая матэрыя. Ну праўда, заклад у сына гаспадароў і яго сябрукоў – яны перайшлі ажно ў чацвёрты клас – выйграла Дана. Хто гэта выдумаў, што дзяўчаты не ўмеюць лазіць па дрэвах? Хто? У іх дурны футбол, і ў вайну яна гуляць, пэўна, не будзе, ажно тут – трымайцеся, жаўнеры! (Хлопцы ўсё меліся падкрэсліваць, што яны – будучыя ваяры.) У Даны свае меркаванні ёсць – але ўсё тое вялікая таямніца: яна яшчэ стане – не кім-небудзь, капітанам дальняга плавання! У свае сем гадоў – не, ужо восем! – яна не мела ў тым сумніву.

      …Пазней Дана неаднойчы была ў Баранавічах, і неяк не выпадала трапіць у Вілейку. Так і засталася Вілейка горадам, у якім ёсць утульная гасцінная хата. Дзе святкуюць Каляды. Дзе цудоўнае паветра. Дзе бываюць розныя прыемныя выпадкі. А Баранавічы ляглі на памяць як горад перасадак, пераездаў, непрыемнасцяў… Для некага таксама, мабыць, засталіся горадам дзіцячай мары… Але тое ўсё было пралогам, інтэрлюдыяй. Галоўнае – было ў іх горадзе. Дзе было незалежнае жыццё душы. Замак. Касцёл. Ваколіцы. Школа. Сябры. Настаўнікі.

      Суседзі. Людзі яе жыцця.