змены ў сэксуальных адносінах, што адбыліся ў СССР на працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя, варта разглядаць у сусветным кантэксце. А менавіта – у рэчышчы радыкальнай мадэрнізацыі і разрыву з традыцыйнымі каштоўнасцямі, якія ўвайшлі ў культурную гісторыю пад назвай «бурных (або вар’яцкіх) дваццатых» (roaring twenties). У той час у еўрапейскім і паўночнаамерыканскім грамадстве пад уплывам тэорыі З. Фрэйда распаўсюдзілася думка пра тое, што палавое жыццё патрэбна жанчынам не менш за мужчын, а падаўленне сэксуальных жаданняў разбуральнае для псіхікі. Першая сусветная вайна прывяла да масавага скарачэння мужчынскай часткі насельніцтва, а таксама перамогі феміністак, якія значна пашырылі канстытуцыйныя правы жанчын, змянілі іх менталітэт і паводзіны. Новае пакаленне жанчын 1920-х гг. імкнулася сумясціць сямейнае жыццё з прафесійнай кар’ерай. Гэта адбілася на іх знешнім абліччы ў выглядзе кароткіх стрыжак, вузкіх спадніц, нагавіц, а таксама касметыкі, якую раней ужывалі пераважна актрысы і прастытуткі. На працягу «бурных дваццатых» палагоднела стаўленне да сэксуальных меншасцей.
Кардынальная змена адносін паміж паламі, якая адбывалася ў СССР на працягу 1920-х гг., у сусветнай гістарыяграфіі атрымала назву «сэксуальнай рэвалюцыі»[22]. Пад гэтым паняццем сёння звычайна разумеюць працэс і вынікі карэннай ломкі традыцыйных каштоўнасцей, арыентацый, норм і адносін у інтымнай і сямейна-шлюбнай сферы.
Паняцце «сэксуальная рэвалюцыя» ўпершыню было ўведзена ў навуковы ўжытак у канцы 1920-х гг. вучнем З. Фрэйда, аўстрыйскім і амерыканскім псіхолагам, камуністам В. Райхам. Распрацаваўшы гэтае паняцце ў рамках псіхааналітычнай парадыгмы, ён даў яго тлумачэнне як працэсу вызвалення прыгнечанай, дэфармаванай перш за ўсё эканамічнымі адносінамі сэксуальнай (альбо «аргоннай», паводле яго тэорыі) энергіі. Пры гэтым В. Райх падкрэсліваў, што вынікам сэксуальнай рэвалюцыі павінна быць не ўсёдазволенасць і анархія ў інтымнай сферы жыцця людзей, а псіхалагічнае разняволенне асобы і грамадства[23]. Зусім іншае, выключна негатыўнае разуменне феномену «сэксуальнай рэвалюцыі» як працэсу паступовай трансфармацыі «homo sapiens» у «homo sexual» прапанаваў у сярэдзіне ХХ ст. рускі і амерыканскі сацыёлаг П. А. Сарокін[24]. Новая канцэпцыя «сэксуальнай рэвалюцыі» як культурнага феномену з улікам сацыякультурных змен, што адбыліся на Захадзе ў 1960–70-х гг., была распрацавана аўстрыйскім і англійскім філосафам і псіхааналітыкам Дж. Франклам[25].
Згаданыя працы былі заўважаны і скарыстаны ў якасці метадалагічнага падмурку для даследавання розных аспектаў сэксуальнай рэвалюцыі 1920-х гг. у СССР прадстаўнікамі гістарычнага цэху, спачатку заходняга[26], а потым – усходнееўрапейскага[27]. Водгукі сэксуальнай рэвалюцыі 1920-х гг. мы знаходзім на старонках прац некаторых беларускіх вучоных, што даследуюць гендарныя аспекты мінуўшчыны[28]. Аднак у якасці