Яўген Аснарэўскі

Хлопчыкi i дзяўчынкi


Скачать книгу

ваша Павоня.

      – Пагоня! – паправіў я.

      – Вольны! – сказаў палкоўнік і махнуў рукой.

      Я выйшаў з кабінета. А праз два дні жоўты надпіс: «Дыктатура» зноўку віднеўся на сцяне ўправы. Ён здаваўся нават крыху большым, чым папярэднія. Я быў у жаху, прадчуваючы, што зараз зробіць са мною начальнік. Але мяне ніхто не выклікаў. Усё было ціха. А яшчэ праз некалькі дзён да непераможнага жоўтага слова, якое чамусьці не сталі зафарбоўваць, дадаўся больш дробны і каравы надпіс, зроблены чырвонай фарбай. Гэта было адно слова: «пралетарыяту».

      – Дыктатура пралетарыяту! – прачытаў услых Коля, стоячы побач са мною ля распісанай сценкі.

      – А чаму не зафарбоўваюць? – спытаў я.

      – А навошта? – адказаў пытаннем на пытанне Коля. – Гэта адну дыктатуру нельга, а дыктатуру пралетарыяту – можна. Адно слова падобна да адной чаркi – дробязь, а можа ўсё памяняць, – дадаў ён і паднёс да рота цыгарэту.

      – Слухай, Коля, што гэта ўсё значыць? Ты ж кiруешь камерамі. Ты ж разумееш, што такога не можа быць, каб надпіс з'явіўся, а таго, хто гэта пісаў на відэа не было.

      Коля трохі памаўчаў, а потым паглядзеў мне прама ў вочы і сказаў:

      – Ну так, я сапраўды загадчык камер, так што калі я сам з гэтымі запісамі паваражу, то і канцоў няма. Быў чалавек на відэа і сплыў.

      Коля зарагатаў, гледзячы на мой здзіўлены выраз твару.

      – Але… навошта табе гэта? – спытаў я разгубленым тонам.

      – Ну дык гэта ж я і пісаў на сцяне, – адказаў Коля.

      – Ты? – шэптам прагаварыў я, гледзячы на яго шырока расплюшчанымі вачыма.

      – Я! Табе вось, прызнаюся. Таму што ты, можна сказаць, мой герой.

      – Але навошта ты гэта рабіў?

      – Ты нешта гаворыш на роднай мове, а я на ёй пішу, – адказаў Коля і глыбока зацягнуўся цыгарэтай. – Я дык наогул з дзяцінства люблю пахуліганіць. І Купалу таксама вельмі люблю. І Багдановіча люблю, больш за ўсiх, дарэчы. І цябе таксама люблю. Нас тут такіх уся ўправа, акрамя начальства. І мы ўсе цябе любім. А кпім, каб на нас не падумалі… ну што цябе падтрымліваем не падумалі. Можа быць і не трэба было мне прызнавацца. Але ты ж мяне не выдасі, праўда?

      Я стаяў моўчкі, асэнсоўваючы інфармацыю.

      – А навошта ты дапісаў «пралетарыяту»? – праз хвіліну спытаў я.

      – Дык гэта не я, – адказаў Коля. – Гэта Аляксандр Браніслававіч. Сам пацiху накалякаў ноччу. Выкруціўся-такі, хітрун, – дадаў Коля і засмяяўся.

      Наталка

      2006 г.

      Я не вяла дзённічак з маіх пятнаццаці гадоў. А цяпер мне (страшна пісаць нават) ужо дваццаць пяць. Хаця… Не варта тут хлусіць хаця б самой сабе. Мне нават крышачку больш, чым… дваццаць пяць… Добра… хопіць пра ўзрост. Што ж мне яшчэ такое тут напісаць? Мабыць, пачну з пачатку. Я хачу трэніраваць гэтую іх мову. Ну беларускую. Размаўляць у мяне атрымліваецца зусім дрэнна, але пісаць магу крышачку лепей… Таму гэты дзённік будзе строга на беларускай. Гэта я сабе абяцаю. Шчырае слова! О! Здаецца, прыйшоў Антошык. Працягну потым.

      ***

      Зрабіла