сабе, – глуха выгукнулі аднекуль збоку. Алізар, здрыгануўшыся ад нечаканасці, і сам адступіў, чырванеючы яшчэ гусцей, а побач з габеленам вырас мажны Тамаш Дубыніч, пашчыпваў чорную кучаравую бараду, скаліў з вышыні белыя зубы.
– Хто каго любіць, той таго і чубіць, – весела казаў Дубыніч, звузіўшы шэрыя вочкі. – Вы іншага месца й часу не знайшлі, каб на людзях тут мілавацца?
Алізар, у аднолькавай ступені злосны і прысаромлены, нагадаў дзядзьку – і, мабыць, Ільзе адначасна таксама, – што ў іх зусім хутка вяселле. Дубыніч толькі пахітаў галавой і паўзверх макаўкі сярдзітага пляменніка звярнуўся да Ільгі:
– Пагамонім, дзеўка? Трэба. Дужа.
– Пагамонім, дзядзька, – з кепска прыхаванай радасцю пагадзілася Ільга. І, скінуўшы Алізараў плашч княжычу на рукі, таропка сышла, быццам уцякла, разам з Дубынічам, ці, дакладней сказаць, следам за Дубынічам, бо побач з ім нават Ільга не змагла б прайсці па нешырокім калідоры.
– Ільга, я… – загаварыў быў Алізар. Ды яна не азірнулася – усё яшчэ злавалася.
– Пацерпіш, хлопча, – коратка кінуў Тамаш пляменніку.
З Дубынічам разам Ільга паднялася ў адну з найбольш старых вежаў замка. Ісці давялося па вузкіх вітых усходах, і прыемна было, падымаючыся, весці адной далонню па шурпатай каменнай сцяне. Думалася так: калісьці даўным–даўно сюды прыйшлі людзі, адваявалі зямлю ў верасовых пустак, пабудавалі вежы замкаў і гарадскія сцены, пасеялі жыта. Людзей тых ужо няма, косткі іх змяшаліся з зямлёй, а вежы стаяць, па–ранейшаму гледзячы на верасы на ўзгорках. Ад гэтых думак чамусь было сумна: можа, з той прычыны, што і Ільга павінна, у рэшце рэшт, сысці, і занадта, можа, хутка па мерках вежаў ці адвечных пагоркаў. І будзе гэтаксама шумець жыта, і сівыя ад часу камяні будуць несці сваю варту пад небам, і нехта таксама дакранецца да іх рукою, адчуе бездань часу і здзівіцца, і жахнецца.
На самым версе вежы быў невялікі пакойчык, дзе звычайна ўладкоўваўся сам Дубыніч, калі гасцяваў у брата. Сюды быў уціснуты стол з мапаю бліжніх зямель, а са сцяны глядзеў герб княжай сям’і на цяжкім шчыце, акаваным металам. Побач з камінам, дзе служкі ўжо развялі агонь, на калматай мядзведжай шкуры, што выскалялася на ўваход, стаялі два нізкія фатэлі, а далей, леваруч ад уваходу, багатая шаўковая шырма. Перамяжоўваючыся з паляўнічымі трафеямі, тут і там вісела зброя – збольшага клінкі рознага кшталту, – і языкі агню адбіваліся ў люстраной сталі, слізгалі і плылі. А вокны, нешырокія, больш падобныя да байніц, былі дзівосныя, з каляровым шклом у свінцовай аплётцы, так што барвовы захад афарбоўваўся і блакітным, і зялёным, і жоўтым, успыхваў, як найлепшыя самацветы, а на каменных плітах падлогі адмысловым дываном ляжала расквечанае святло.
Ільга наблізілася да бліжняга вакна, кранулася каляровага шкла кончыкамі пальцаў. З вежы адкрываўся від на зарослыя верасам пагоркі на пустках: адтуль ужо патроху наступаў, гусцеючы з кожным момантам, туман – блакітны, жоўты, барвовы і цёмна–зялёны ў каляровых