рэшту, не дакранаючыся да чужых рук, і яе самотнае вандраванне паміж нябытам і родным горадам працягвалася.
Люта Віргін прадавала аксесуары для тэлефонаў у вялікім шкляным будынку. Людзі не пыталі, ці можна тэлефанаваць памерлым – толькі набывалі чахлы. Людзі не раіліся з Лютай наконт складу любізніка – толькі абіралі слухаўкі. Людзі не прасілі дараваць ім грахі – толькі глядзелі карткі памяці на дванаццаць гігабайт. Люта гандлявала і гандлявала, паказвала, раіла, не шукала сабе іншай працы.
Пакорліва чакала вызвалення ад гэтай зямлі, ад сваёй да яе любові, якая і не дазволіла ў зямлі ляжаць: на трэці дзень пасля пахавання Люта расплюшчыла вочы і пачала лезці ўверх. Мёртвая жанчына жэрла зямлю, прарывала сабе шлях вуснамі і зубамі – і апынулася на чорнай спіне магільнага прыгорка. Вецер расхітаў яе валасы, і Люта стаяла над уласным крыжом – ці то сама перамагла і вызвалілася, ці то роднае чарноцце проста выплюнула яе, званітавала ў булімічным прыпадку.
Жыццё ў Беларусі – гэта метажыццё. Як у метарамане распавядаецца пра працэс напісання твора, так і падчас нашага існавання мы тлумачым сабе быццё, апісваем сябе ў ім, быццам маем адказнасць перад вялікім аўтарам. Які тэкст атрымаўся з прычыны нашага нараджэння? Ці дазволіць рэдактар яго надрукаваць і паказаць чытачам-пісьменнікам, якія жывуць і пішуць метажыццё пасля нас? Ці не атрымаецца так, што ўсе нашыя пакуты і высілкі нічога не вартыя – і не патрэбныя нікому нашыя тэксты, і няма больш гісторыі, і змаганне ўжо не каштуе нічога? Воля і годнасць, паэмы і пахаванні, жаданне кранаць белую льняную тканіну, вада з глінянага нефарбаванага кубка, лазовыя кошыкі, старыя сінія ровары – што з гэтага больш важна, што застанецца, што будуць любіць на гэтай зямлі? Ці будуць любіць хоць што-небудзь? З кожным стагоддзем касмічнай чарнаты ўсё менш, зямля і твары становяцца аднолькавага шэрага колеру.
Пасля смерці Люта заўсёды была бледнай. Яна гандлявала мабільнымі тэлефонамі і прыгадвала мінулае жыццё – у ім была прычына вяртання, у ім было тлумачэнне гэтай ненатуральнай бессмяротнасці, гэтай белай скуры. Люта шукала вытокі таго, што з ёй адбываецца, узнаўляла ў фантазіі сцэны, ахутаныя подыхам магічнай цемры, думала пра кожны свой дотык да зямлі, вады, травы і дрэваў. Пыталася, чаму яе вярнулі. Жадала зразумець, што вінная свайму лёсу, у чым яго так моцна падманула.
Ад таго, што Люта памерла ўжо, яе жыццё амаль не змянілася. Яна схлусіла ў міліцыі, што згубіла пашпарт і нічога не памятае, некаторы час круцілася ў бюракратычным бязладдзі, але гэта было знаёмае, звыклае – невыноснае, але кожны раз мы трываем тое, што немагчыма, і не ведаем іншага шляху. Калі ёй зрабілі пашпарт, дзе яна болей не была Лютай, адносіны з грамадствам вярнуліся да звычайнай адлегласці: не чапай мяне, не глядзі на мяне, не прыслухоўвайся да мяне, Левіяфан, каб я засталася.
Нам падабаецца тое, што нас не ведаюць. Не з’яўляцца ў газетах – шчасце, не прыцягваць залішняй увагі – блаславенне. Не чапаць іншых, больш моцных, не глядзець у бок святочных