я сябе ім не лічу. Я занадта малады, каб мяне называлі чалавекам зь дзевяностых. Я супраціўляюся. Я скідваю іх сяброўскую руку з пляча. Я не пазнаю іх на вуліцы. Я з усяе моцы хачу застацца маладым, бо перада мной ёсьць вусьцішны прыклад: чалавек зь дзевяностых.
І тады 90-я пішуць мне ў фэйсбук, 90-я дасылаюць мне friend requests, 90-я ўпарта хочуць уцягнуць мяне ў сваё Сьвята Пралітай Сьлязы па мінулым.
Дык ці адказваць на іхныя запыты?
Не
У гэтай кнізе ня будзе настальгіі. 90-я будуць, а настальгія – не. Я ня буду казаць: «а помніш?» Я напішу пра тое, што памятаю.
«Водка “Зверь”: похмелья не будет!» Утыркнуты ў зямлю ножык. «Наше чудо…» І гульня ў манэткі: чу! Правакацыя, палітыка, паэзія, партвэйн. Паліклінікі. Кніжкі і каханьні. Сьцягі! Булькатаньне паскуднага брэндзі і бумбамліт. Менск і мана. Гаражы і горыч. Мова і мары. Выкладчыкі і «Крыжачок». Нязгода і кампрамісы. Траўмы, шнары, зубы. Школа і…
Так, сапраўды. Вядома ж, спачатку была школа.
ШКОЛА
Стратэгічны аб’ект асобага прызначэньня
Прыяжджаючы да бацькоў у госьці, я выходжу на балькон пакурыць і бачу яе там, унізе. Сваю 142-ю «сярэднюю агульнаадукацыйную школу г. Мінска».
Зь дзявятага паверху бацькоўскага дому маю школу відаць вельмі добра: карычневы будынак зь вялікім ганкам, на якім мы гулялі ў старажытную гульню ўсіх эўрапейскіх шкаляроў – квача. Ганак напраўду досыць арыгінальны: прыступкі падымаюцца да ўваходу паміж дзьвюх вялікіх каменных сьценак-парэнчаў. Гэтыя сьценкі і цяпер нагадваюць выстаўленыя наперад лапы нейкай агромністай істоты. Больш за ўсё мая школа падобная да сфінкса. Позірк яе вокнаў-вачэй скіраваны некуды далёка, у Гатава, Лошыцу, Чыжоўку, у Маскву, Амэрыку, Афрыку, Атлянтыду, на Марс і на Вэнэру. Я заўсёды пачуваўся малым і нікчэмным, калі апынаўся перад гэтым ганкам, у яшчэ не самкнутых, але ўжо адчувальных абдымках каменных лапаў. Цяпер яна, вядома ж, выглядае не такой масіўнай і велічнай, мая школа. Проста двухпавярховы будынак. Першая турма. Другі дом. Дом, у якім ты жыў і выжыў.
Дом, у якім дарослыя асобіны твайго біялягічнага віду, ня зьвязаныя з табой крэўнымі сувязямі, спрабавалі зрабіць зь цябе чалавека. То бок навучыць жыць у зграі. Перадаць табе назапашаныя зграяй веды, абараніць ад свабоды, даць навык паслухмянасьці, пазнаёміць з важакамі, прымусіць цябе прайсьці ініцыяцыю. Упэўніцца, што ты не нясеш пагрозы іхнай супольнасьці. Што ты такі самы, як яны. Прынамсі, на першы погляд, самы важны для таго, каб тут ацалець.
Была, ёсьць, будзе
Мне сорак тры. Я куру і гляджу на сваю школу, адчуваючы дзіўны неспакой. Яна паказвае ўсім сваім выглядам, што ня мае да мяне аніякага дачыненьня. Дый я пазіраю на яе абыякава, нібы паміж намі ніколі нічога не было. Але мы абое ведаем, што гэта няпраўда.
Некалькі гадоў таму я як аўтар раману пра Шабаны зладзіў некалькі экскурсіяў па тутэйшых мясьцінах – пра гэта прасілі журналісты і проста знаёмыя, якія ніколі