ды пачынае з апетытам яго высёрбваць, заядаючы хлебам. Крышынкі трапляюць на літары, якія могуць быць для кагосьці лёсавызначальнымі.
Далонь размашыстым рухам страсае крышынкі на падлогу. А калі на адным з аркушаў праявілася тлустая пляма, мужчына камечыць гэтую паперчыну ды выкідае ў сметніцу.
Але Марыя ставіцца да гэтага з разуменнем. Якніяк, у кожнага ж павінны быць свае чалавечыя слабасці і хібы. Не выключэнне й тыя, хто стварае гісторыю.
14.53. Марыя адыходзіць на сотню метраў, затым ізноў спыняецца. Глядзіць угару, затым апускае вочы долу, затым выроўнівае спазор. Нахіляе галаву. Людзі вакол яе рухаюцца па сваіх траекторыях, часта даволі няроўных. Іх маторыка падаецца зусім ненатуральнай: як быццам яна зададзеная звонку нейкім мудрагелістым алгарытмам. Як быццам сваімі рухамі яны павінны нешта камусьці паведамляць.
Зусім побач пралятае хлопец на ровары, ледзь не шаргануўшы па плячы Марыі. І гэта таксама ўяўляецца ёй невыпадковым.
Падобна, сваімі рухамі ўсе яны ствараюць нейкі артыкуляваны сюжэт. Магчыма, гледзячы на ўсё гэта з вышыні птушынага палёту – альбо хаця б з вежачкі, што вянчае дом на рагу, – абазнаны чалавек здолее лёгка прачытваць зразумелыя і сутнасныя мэсэджы. Але Марыя ў гэтым тэксце пачуваецца лішняй літарай. Яна забрыла ў яго выпадкова, ёй трохі няёмка. На пачатку бульвара гармонік грае “Развітанне славянкі”. Падлеткі, якія на лаве ля крамы абмяркоўваюць сваіх сняжанаў, праводзяць Марыю абыякавымі поглядамі. Яна ўжо даўно зразумела, што стала анахранізмам, і нават трошачкі здолела з гэтым звыкнуцца.
Марыя доўга назірае за тым, як пяцігадовая дзяўчынка есць бульбуфры. Малюткія пальчыкі адна за адной вымаюць з папяровага пакунка роўныя лустачкі і няспешна падносяць да рота. Кожны рух дакладны, сур’ёзны і трапны. Вусны сталі трохі вільготнымі ад тлушчу.
Сэрца Марыі неспадзеўкі асвятляе любоў да людзей, але гэта зусім ненадоўга.
15.00 Марыя раптам прыгадвае, што трэба нешта есці. Яна амаль не адчувае голаду – хутчэй, гэта чыста рацыянальнае разуменне. Недзе зусім паблізу павінен быць гандлёвы цэнтр “Царская брама”, а ўнутры яго – ятка са смачнымі чабурэкамі.
Неўзабаве яна на месцы. Ля дзвярэй пашыхтаваліся сумнеўнага віду немаладыя кабеты, на пластмасавых скрынях раскладзеныя шкарпэткі, сала, венікі для лазні, парасоны… Марыя з цяжкасцю адбіваецца ад цыганкі, якая прапануе прываражыць ёй масквіча з кватэрай.
Апрача плошчы, гэта ці не адзінае месца ў горадзе, дзе віруе жыццё. Гандлёвы цэнтр размясціўся ў былой царкве, пабудаванай у 90я – падчас імклівага ўздыму цікавасці да рэлігіі, якая неўзабаве гэтак жа імкліва ўпала да нуля.
Вялізны храм у старажытнарускім стылі не сталі перарабляць у адпаведнасці з новай функцыяй: яго проста здалі ў арэнду і падзялілі на соты. На фасадзе цяпер красуе з паўсотні шыльдачак: “Абутак”, “Рэчы з Еўропы”, “Аксесуары для сняжанаў любых мадэляў, перапрашыўка, рамонт”…
Калі шкляныя дзверы адчыняюццазачыняюцца, спружыны дзіка рыпяць,