Валеры Гапееў

І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік


Скачать книгу

адмаўляўся аналізаваць, мроілася рознае, фантазійнае: ён заўтра выйдзе, усё стане на сваё месца, выявіцца, у каго ягоны нататнік, хто так па-дурному пажартаваў, яны сустрэнуцца з Марго… А яшчэ Мацвей думаў пра той свет, які адкрыўся яму, які палохаў сваім начыннем з несправядлівасці, бесчалавечнасці, але адначасова быў той часткай жыцця, без якой ён адчуваў сябе непаўнацэнным.

      Раніцай прынеслі цёплы чай, ячную кашу з хлебам. Хлопцы распакоўвалі свае торбы, даставалі прысмакі. Мацвей не крануўся кашы, сёрбаў вадкасць.

      – Ніхто, акрамя той дзяўчыны, не ведае, што цябе забралі? – падышоў да яго Зміцер, працягнуў бутэрброд з сырам. – Гэта дрэнна. Нам сядзець да панядзелка мінімум. Я скажу, каб перадалі на цябе дробязі кшталту шчоткі зубной. Ты галіцца збіраешся? Зарасцеш…

      – Як – да панядзелка? Чаму? – не паверыў Мацвей.

      – Дзівак! Мы ж – палітычныя, а хто такіх перад выбарамі адпускае? А выбары ў нядзелю. То рыхтуйся адпачыць…

      Мацвей падзякаваў за бутэрброд. Ён не паверыў Зміцеру. Магчыма, гэтыя хлопцы сапраўды нейкая страшная апазіцыя, а ён хіба нешта здзейсніў варожае для ўлады?

      Ягонае прозвішча назвалі ад дзвярэй бліжэй да абеду. І цяпер, ідучы цёмным калідорам з рукамі, складзенымі за спінной, падпарадкоўваючыся рэзкім камандам ахоўніка, Мацвей адчуў сапраўднае прыніжэнне, сваю нікчэмнасць у гэтым будынку і поўную залежнасць ад абставін. Унутры жыла адна надзея: зараз ён усё патлумачыць, раскажа пра сваю навуковую дзейнасць, пра новую, такую патрэбную ў сістэме кіравання складанымі працэсамі на вытворчасці, распрацоўку. І яго адпусцяць. Зразумела, адразу ж адпусцяць…

      Частка 3

      Увайсці ў кабінет следчага было як ступіць у новы свет. Гэта думка мільганула ў галаве, і Мацвей на імгненне застыў – такую ён выпрацаваў у сабе практыку фіксацыі ў памяці нечага вартага. І адначасова здзівіўся: чаму следчага? Хто казаў яму, што яго вядуць менавіта да следчага? Ці не ўчарашнія доўгія размовы пра арышты-допыты-расстрэлы ўрэшце трансфармаваліся ў раней неіснуючыя ў ягонай галаве веды? Але тут сапраўды быў іншасвет: цёмны вузкі калідор, шэры, у жоўтых паўкружжах ліхтароў на сценах упіраўся ў дзверы, якія расчыняліся – і наперадзе зыркім святлом, насычаным сонцам і блакітам адкрывалася акно. Так, што балела вачам, і толькі праз колькі імгненняў за сталом паўстала постаць, яна яснела і вось ён – мужчына гадоў сарака, трохі стомлены, твар мысліўцы і чыноўніка.

      – Мацвей Генрыхавіч Хрысцік, правільна? Сядайце, – ён спытаў-удакладніў добразычліва, сесці прапанаваў дзяжурна-ветліва. – Я следчы, мне даручана весці вашу справу… Вось пратакол затрымання і вынятку ў вас лістовак – усяго ў колькасці 217 штук. Тэкст на лістоўках мае выразны экстрэмісцкі складнік: тут прамы заклік не прызнаваць вынікі выбараў, выходзіць на вуліцы, выказваючы пратэсты… Што скажаце?

      Ён узняў галаву і паглядзеў у вочы Мацвею – позіркам халодным і цэпкім. Не міргаючы глядзеў, усё роўна як закочваў