і дзяржаўныя святы, тым жа складам памерлых праводзілі ў апошні шлях. Незнаёмы хвіліну таму чалавек тут праз колькі секунд размовы рабіўся лепшым сябрам да канца жыцця.
Бацька адчуваў сябе нібы нанова народжаным. Да таго ж цётка Груня з дзядзькам Жэнем прынялі яго як роднага сына і шчыра паўдзельнічалі ў далейшым лёсе пляменніка. Дзядзька Жэня працаваў шафёрам на аўтабазе, ведаў патрэбных людзей, і тыя ведалі яго. Па пятніцах у ягоным гаражы часта абмывалі ўдалы працоўны тыдзень бутэлечным, а калі-нікалі разліўным бачкавым півам. У адну з такіх пятніц ён пазнаёміў пляменніка з сябрам, які працаваў не апошнім чалавекам на Шахцінскай шахце, і той узяў бацьку да сябе ў брыгаду. Але спачатку адвучыўся тры месяцы на слесара-мантажніка. Ад шахты выдзелілі пакой у інтэрнаце, і ён перабраўся туды, хаця цётка Груня з дзядзькам Жэнем не супраць былі, каб пляменнік заставаўся ў іх. Бацька б застаўся, але адчуваў сябе няёмка ў двухпакаёвай кватэры, дзе жылі, акрамя цёткі з дзядзькам, яшчэ іх два сыны-старшакласнікі. Зразумела, яму ніхто нічога не шкадаваў і любілі яго не ў пазыку, а ўсё ж, атрымаўшы інтэрнат, уздыхнуў з палёгкай. Самастойна жыць – яно заўсёды лепш. Канечне, бацька не забываўся на сваякоў, наведваў часта, цётка Груня ж і накорміць, і напоіць, а сталоўская ежа не ішла на карысць і выклікала пякотку. Нярэдка цётка адмыслова запрашала бацьку ў госці і знаёміла з якой-небудзь абавязкова незвычайнай, разумнай і працавітай красуняй. То немку прапануе – перспектыўнага хірурга з млявым позіркам, то бібліятэкарку з раскосымі вачыма і безліччу доўгіх касічак да падлогі, то лейтэнанта з дзіцячага пакоя міліцыі – рыхтык здобную булачку, а то гімнастку-аматарку з мясцовага тэатра – гутаперчывую і рудавалосую. Бацьку ўвесь час здавалася, што канца-краю не будзе гэтым знаёмствам, а цётка Груня пёрла напрамкі, як танк, на рэкорд па перавыкананні плана зводніцтва. Неяк бацька не вытрымаў і запытаўся, навошта яна гэта робіць.
– Шчасця табе хачу, – не разгубілася тая. – Дзяўчаты ўсе правераныя…
– Кім правераныя? – удакладніў бацька.
– Часам правераныя, – зноў не разгубілася цётка. – Чалавек не павінен быць адзін…
– Я не адзін, – запярэчыў бацька.
– У глабальным сэнсе, канечне, не адзін, – падтрымала цётка Груня, але збіць, як кеглю, яе разлічаны на рэзультат манеўр па ачалавечванні пляменніка было немагчыма. – Ты малады прыгожы мужчына, – працягвала яна, – які павінен мець чароўны тыл у вобразе прывабнай жанчыны знешне і гейшы ў ложку.
– Каго? – не зусім зразумеў бацька.
– Да таго ж адукаваны ў патрэбных месцах, – дадала цётка.
– І ўсе яны, выбраныя вамі, мне падыходзяць? – зрабіў выгляд, што задумаўся, бацька.
– Без выключэння, – пераможліва ўсміхнулася жанчына.
– Але выбраны яны не мной, – цвёрда сказаў бацька. – Не трэба больш мяне ні з кім знаёміць! – голасна заявіў. – Няхай яны будуць хоць каралевамі Мазамбіка!