ўспыхнула думка, ад якой старога Пеньямі закалаціла, нібы ў ліхаманцы. Жудасная трывога ахоплівае яго, трасуцца рукі і вусны, яму робіцца нясцерпна балюча. Ён дзейнічае бяздумна – хапае з шафы пустую біклагу, якую прынёс на Каляды ад таты Олілы, хапае сваю галоўную каштоўнасць – пасведчанне ўладальніка хутара – і, па-ранейшаму ліхаманкава калоцячыся, выбягае з хаты.
Юсі глядзіць, як аддаляецца бацька, адчувае, што зараз нешта здарыцца, і загадзя рыхтуецца да нечаканасцей. Напружана ён глядзіць на жабрака з поўначы, які храпе на лаўцы, потым узіраецца ў дарогу, ці не з’явяцца яшчэ валацугі. Вядома ж, во яны, тут як тут…
А тут прыходзіць і Пеньямі з біклажкаю пад пахай і прыносіць пяць ладных боханаў хлеба. Ніколі Оліла не даваў старому Пеньямі такога свежага, яшчэ цёплага хлеба, ды адразу так многа. Зноў пачырванелы твар Пеньямі высвечваецца ў дзвярах, і жабракі, якія толькі што прыйшлі на хутар, прагна глядзяць на такое багацце, спадзяваючыся, што падзеляцца і з імі. Аднак Пеньямі хавае хлеб і біклагу з гарэлкаю ў сваёй уласнай шафе. Гэта вялікая каштоўнасць, хоць гэтым разам і дасталася надзіва лёгка: хлеба ён зусім не прасіў. Аднак пасведчанне ўласніка засталося ў таты Олілы. Пеньямі нібы скінуў вялізны цяжар, халодная ліхаманка змянілася прыемнай цеплынёю. Можна і паляжаць у ложку.
– Няўжо гаспадар не падзеліцца з другім бедняком, калі сам здабыў сяго-таго? – пытаецца адзін з тых жабракоў, што атабарыліся на хутары яшчэ ўчора. Толькі тады Пеньямі заўважае, што ў хаце поўна пабірахаў з поўначы.
– Я во зараз вам пакажу беднякоў…
Пеньямі падымаецца, хісткімі крокамі выходзіць на сярэдзіну хаты і хапае першае, што трапляе ў рукі. Ліхаманка, самагонка і палёгка ад апошняга ўчынку абудзілі ў ім даўнюю задзірыстасць. Душа радуецца: у шафе ёсць гарэлка, зараз ён яшчэ можа вытурыць усіх з хаты і зноў залегчы ў ложак. Хутар, дом, зямля хай гараць гарам! Падумаеш, аснова жыцця! Сярод жабракоў ён заўважае Юсі, і недзе ў памяці мільгаюць далёкія карціны той часткі жыцця, што ён правёў з Маяй – доўгія, бязрадасныя, пакутліва змрочныя гады.
Але раптам у самы вырашальны момант перад варотамі пачуўся бразгат званочкаў, паказаўся засланы мядзведжай шкураю вазок, з якога вылез таўсматы цемнатвары чалавек. Ленсман прыехаў. Жабракі скаланаюцца, а Пеньямі забывае пра свае намеры. Ён так і застывае, сціснуўшы ў руках схоплены свярдзёлак.
Ленсман усё разумее без аніякіх роспытаў і ўмомант выганяе ўсіх жабракоў на вуліцу. Пасля іх у хаце застаецца гнятлівая цішыня ды знаёмы смурод. Звон стаіць увушшу ў старога Пеньямі, але і вялікая палёгка раптам напаўняе ўсю ягоную істоту: нарэшце ленсман прыехаў. І хоць Пеньямі адчувае сябе страшэнна стомленым, але душу апаноўваюць амаль што святочныя пачуцці. Хай сабе мацнее ліхаманка, хай сабе ленсман з усімі справамі – усё адно да аднаго, а значыць, і да вырашальнай падзеі. Зіма павярнула з сярэдзіны на схіл, вечаровае сонейка прагравае сіняватыя сумёты, у якіх праглядваюцца фарбы блізкай