Алесь Кожедуб

Цені Дзікага палявання


Скачать книгу

      © Навасельцава Г. В., 2024

      © Шаранговіч В. П., выява на вокладцы, 2024

      © Карлюкевіч А. М., укладанне,

      Зрабіць чалавека мацнейшым

      Сучасны беларускі літаратурны працэс цяжка ўявіць без повязі з літаратурамі іншых народаў, з сусветнай мастацкай літаратурай. Калі ж аглядаць яе найболей яркія з’явы хаця б за мінулыя паўстагоддзя, то відавочнай з’яўляецца ўвага пісьменнікаў да міфалогіі, да таго, што выкрышталізавана ў фальклоры. Зварот да міфалогіі патрэбен творцам, каб даказаць вяршэнства духоўнай сумленнасці, каб шчыра размаўляць з чытачом. Ад старадаўніх часоў міф тлумачыў паходжанне, будову свету, раскрываў узаемаадносіны чалавека з ім. А яшчэ дапамагаў аб’яднаць, арганізаваць людзей у нейкія лагічныя, зразумелыя калектывы, абшчыны. Ці не таму знахары, шаманы, вайдэлоты, якія былі носьбітамі фальклорнай спадчыны, валодалі рэальнай сілай у кіраўніцтве грамадствам, ці не таму яны ўплывалі на шырокія масы?..

      Для нашага чытацкага пакалення блізкі і зразумелы зварот калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса да элементаў фальклорна-міфалагічнай спадчыны. Яго раман «Восень патрыярха» ў свой час перавярнуў свядомасць чытачоў на ўсіх кантынентах. Быў у нас і вопыт адкрыцця спрадвечных ісцін праз прозу болей блізкага – кіргызскага, савецкага і, лічыце, сусветнага класіка – Чынгіза Айтматава. Асабліва працінаў душу яго раман «Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век», геніяльна перакладзены на беларускую мову Міхасём Стральцовым. У беларускай літаратуры папярэдняга стагоддзя міф таксама адыгрываў важную ролю ў спробе разгледзець свет, разабрацца з месцам чалавека ў часе і прасторы. Узяць хаця б казку Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка», напісаную ў 1939 г.

      І нашы сучаснікі, чые творы аб’яднаны ў кнізе «Цені Дзікага палявання»: Алесь Кажадуб, Людміла Рублеўская, Ганна Навасельцава – паспрабавалі разабрацца ў суладнасці чалавека з мінулым, унікнуць у яго сённяшняе асэнсаванне спрадвечнага… Да прыкладу, Алесь Кажадуб у аповесці «Лесавік» перакананы ў тым, што ментальнасць беларуса засноўваецца на яго лучнасці з прыродай. Наш прашчур не мог існаваць без свайго поля, лесу, ракі, возера і нават балота. А фальклор (перш за ўсё міфы) адлюстроўваў гэтую лучнасць. Адзінства чалавека і прыроды, якое пісьменнік перадае праз вобраз лесавіка, узвышае нас, дапамагае пашырыць уяўленні і зрабіць нас мацнейшымі ў цёмных дакучлівых рэаліях, дзе мы вельмі часта аказваемся бездапаможнымі закладнікамі багатага на падзеі сацыяльнага жыцця. Жыцця, якое спрабуе раструшчыць асобу… Літаратуразнаўца Віктар Каваленка слушна заўважыў, што «…выкарыстанне старажытных міфалагічных матываў і вобразаў у мастацтве – гэта адна з самых чароўных старонак у развіцці духоўнай культуры чалавека». Дык ці не імкненнем да прыгажосці самога нашага нараджэння і ўсяго наступнага жыцця можна патлумачыць зварот літаратараў да міфаў і іх праецыраванне на чалавека сённяшняга?!

      Спадзяёмся, што кніга «Цені Дзікага палявання» настроіць чытача на пошук падобных твораў і ў іншых аўтараў, якія адлюстроўваюць жыццё (рэальнае жыццё!), зазіраючы ў свядомасць нашых папярэднікаў і сучаснікаў праз «шкельца» міфа, з дзейснай дапамогай міфалагізацыі. Гэта ў тым ліку аповесці і апавяданні такіх, здавалася б, перакананых «рэалістаў», як Янка Брыль, Вячаслаў Адамчык, Алесь Жук, Віктар Карамазаў, Іван Пташнікаў, Янка Сіпакоў, а яшчэ творы Анатоля Казлова, Алены Брава і шмат каго з кагорты сумленных шукальнікаў мастацкай ісціны. Як аўтарамі зборніка, старонкі якога вы зараз гартаеце, так і ўсімі пералічанымі творцамі кіравала адно жаданне – паказаць няпростую дарогу Чалавека, людзей наогул да святла і здзяйсненняў. Міф і рэаліі вельмі блізкія… І працу яны выконваюць адну. Кажучы словамі паэта Пімена Панчанкі, – вельмі важную, бадай, галоўную: «І з пакалення ў пакаленне / Яно пакутліва ідзе – / Да працы добрай прылучэнне, / Ачалавечванне людзей».

Алесь Карлюкевіч,старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі

      Алесь Кажадуб

ПОГЛЯД ЗБОКУ

      Алесь (Аляксандр Канстанцінавіч) Кажадуб нарадзіўся ў 1952 г. у горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1974) і вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве (1985). Працаваў настаўнікам сельскай школы ў Лагойскім раёне, на Міншчыне, потым быў малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, рэдактарам на тэлебачанні, у часопісах «Маладосць» (Мінск) і «Слово» (Масква). Займаў пасады галоўнага рэдактара выдавецтва «Советский писатель», намесніка галоўнага рэдактара «Литературной газеты». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі.

      Піша на беларускай і рускай мовах. Друкавацца з апавяданнямі пачаў у 1975 г. Першыя публікацыі – у часопісе «Маладосць». Алесь Кажадуб – аўтар больш як 20 кніг прозы і гістарычнай публіцыстыкі. З апавяданняў і аповесцей складаюцца яго першыя кнігі прозы, выдадзеныя ў Беларусі: «Гарадок» (1980), «Размова» (1985), «Лесавік» (1987), «Дарога на замчышча» (1990). З 1990 г. пісьменнік жыве і працуе ў Маскве. Лаўрэат Міжнароднай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва імя М. А. Шолахава (2006),