казулю рысь, дзе апошнім енкам крычыць у савіных кіпцюрах заяц. У звяроў было звярынае жыццё, ён быў па-за ім, акрамя асобных здарэнняў – тых жа пажараў. Ён, лесавік, разумеў кожны звярыны рух, кожнае іх памкненне, бо гэта было проста. І ў яго, канешне, было нешта ад гэтых пушчанскіх дзяцей. Ва ўсякім выпадку, адчуванне пушчанскага жыцця ў яго было звярынае. І звяры, адчуваючы яго, ведаючы, што ён дзесьці побач, ніколькі не палохаліся яго, а прымалі за свайго, за таго ж звера. Ні ў якім разе не за чалавека. Праўда, калі лесавік гэтага хацеў – яны яго палохаліся.
Лесавік не быў зверам, і, канешне, ён не быў чалавекам. Хаця адзін пра аднаго яны ведалі. За многія зімы і леты лесавік і чалавек сустракаліся, яны не маглі не сустракацца, але было гэта ўсё ж даволі рэдка. Ва ўсякім разе, лесавік не шукаў гэтых сустрэч, унікаў іх, а людзі… На тое яны і былі людзьмі, што баяліся больш за ўсё сабе падобных, і каторы з іх, моцны, закаваны ў жалеза, узброены мячом і крыжам, раптам пачынаў насіцца па лясных гонях, гукаючы яго, лесавіка, смеючыся і лаючыся, шукаючы таго, каго ён не ведаў. Лесавік, зразумела, ніколі не з’яўляўся. Якая ў гэтым была патрэба? Лесавік ад чалавека быў далёкі. Лесавік мог перанесціся з аднаго месца ў другое імгненна, і гэтага чалавеку было не зразумець. Ён мог з’явіцца і знікнуць. Ён мог павіснуць у паветры і раптоўна спыніць, прыгнуць да зямлі галаву каня, учапіўшыся за аброць. Мог растварыцца ў дрэве. І паляцець птушкаю. Мог столькі, што чалавеку гэтага і не ўявіць, як бы ён ні стараўся. Чалавеку, як і яму, быў дадзены розум, – аднак і пасюль, і толькі. Адзіным, чым не валодаў лесавік з усяго таго, што мог чалавек, гэта моваю. Лесавік не гаварыў. Яму, пушчанскаму духу і пушчанскай плоці, прывіду і гаспадару, гаварыць па-чалавечы не было з кім. Лесавік амаль заўсёды маўчаў, хаця мог і смяяцца, і гукаць, і скардзіцца…
Зразумела, лесавік стараўся спыніць людское нашэсце, ён шкодзіў чалавеку як мог – ды не ўсемагутны ж ён. Ён толькі лесавік. Ну што з таго, што ён мог збэрсаць, скруціць, злямчыць жыта на якой дзялянцы, з жыта таго чалавеку ўжо не было ніякае карысці. Чалавек прыходзіў, чухаў патыліцу, гараваў, што зноў жыта кустом, – але нікуды ў большасці выпадкаў не сыходзіў. Чалавек быў зацінлівы, упарты.
І лесавіку заставалася толькі назіраць і задумвацца. Ён бачыў, што людзі ваявалі не толькі з пушчаю, а значыць і з ім, самае дзіўнае – людзі ваявалі і паміж сабой. І ваявалі так зацята і люта, што яму часам рабілася… не па сабе. Страхам гэта назваць нельга, страх яму невядомы, – проста яго ахоплівала незразумелая трывога. Людзі будавалі на прыдатных для гэтага месцах гарады – і старанна руйнавалі іх, нішчылі, забівалі сабе падобных, саміх сябе. Людзі ваявалі між сабой гэтак жа ахвотна, як і будавалі і сеялі. Бадай, гэта было галоўнае, у чым лесавік не разумеў людзей. Баяцца ён іх не баяўся – што яны маглі яму зрабіць? – але і з’яўляўся ён побач з імі толькі ў самых крайніх выпадках.
Ды ўсё часцей і часцей даводзілася глядзець на іх, назіраць – і ў непаразуменні заціскаць у жмені