Алесь Кожедуб

Цені Дзікага палявання


Скачать книгу

зрабіўшыся ў сваім падзенні амаль нябачнай, нейкай адной суцэльнай палоскай, маланкай, пры самай зямлі ястраб ударыў у рудую пляму. Лісіца, адчуўшы смерць толькі ў самы апошні момант, нават не паспела падставіць ёй ашчэраную морду, адно крыху павярнулася бокам, і кіпцюры-корды лёгка прабілі поўсць і сціснулі. Ястраб некаторы час нерухома сядзеў на мёртвай лісіцы, нават не пакручваў галавой, адно круглыя вочы ўспыхвалі і згасалі, мігцелі, бы вугалі ў прагарэлым вогнішчы. Потым ён страпянуўся, ударыў крыллем, некалькі разоў цяжка падскочыў разам з лісіцаю, не могучы адразу ад яе адарвацца – і рынуў у паветра. Забітая лісіца ўжо не існавала для яго, забіўшы, ён адразу на яе забыўся і паляцеў далей.

      Лесавік бачыў усё, што адбылося, але ўмяшацца, дапамагчы лісіцы, выратаваць яе ён не мог. Ён толькі глядзеў, як узнік ястраб і перастрэў лісіцу. Што ж, гэта было жыццё звяроў, да якога ён, лесавік, не меў ніякага дачынення. Лесавік бачыў небяспеку для лісіцы з боку людзей, лісіцу ж забіў ястраб – і гэта ўжо было зусім іншае. І тым не менш яму шкада было лісіцы – як і любога іншага звера, птушкі, рыбы ў былой ягонай пушчы, – бо ўсяго жывога побач з лесавіком засталося няшмат. Мала пушчы – мала пушчанскага.

      Можа, і сам ён быў ужо апошні лесавік ва ўсёй гэтай зямлі, дзе спрадвеку шапталіся, гаварылі лясы, дзе магутна і густа цяклі рэкі, дзе свяціліся вачыма-зоркамі азёры, дзе грукацелі, перагаворваліся паміж сабой навальніцы і панавала над усім асцярожная, чуйная цішыня – быццам поўна, як толькі можна, быў наліты ёю вялізны празрысты кубак, і ўсё наўкола не варушылася і не дыхала, баючыся гэтую цішыню разліць. А зараз у лесавіка было такое адчуванне, быццам зайшоў ён у сваё жытло-сховішча – і спыніўся ў сумным здзіўленні, не пазнаючы яго, бо ўсё змянілася ў ім, нават не ягонае яно ўжо, а чужое, і гаспадарыць у ім хтосьці іншы, незнаёмы. Пушча, дакладней, тое, што ад яе засталося, даўно не была ягонаю пушчай. Зрэшты, за тыя сотні гадоў, якія пражыў тут лесавік, ён навучыўся мераць час па чалавечых мерках – і гэта было зусім не дзіўна, не так далёка яны адышліся адзін ад аднаго, чалавек і лесавік. Лесавік ведаў самую доўгую ноч года, яна была ў глухую зімовую пару, сам ён часта засынаў у яе, бо зіма – гэта зіма, зямля, а разам з ёю і лес, спіць, лесавік таксама драмаў, толькі зрэдку ўспрымаючы навакольныя гукі. А людзі пра гэтую пару гаварылі – Піліпаўка, яны дакладна ведалі, што самыя кароткія дні – дваццаць першага – дваццаць другога снежня, пазней Піліпаўкаю яны ўзяліся пачынаць шасцітыднёвы перадкалядны пост. Гэты пост якраз і быў іхнім зімовым сном, у яго яны менш рухаліся, менш елі, стараліся траціць як мага меней сіл. Потым лесавік абуджаўся, ішоў па нерухлівым лесе-палацы, дзівіўся на снегавое ўбранне. Лес стаяў велічны, прасторны, лесавік проста блукаў па ім без ніякае мэты, лічыў па слядах, колькі каго ў ім зімавала. Каляды людзі сабе таксама зрабілі святам, яны адпачывалі ад сваіх сялянскіх работ, якраз на Сцяпана, за тыдзень да Каляд, заканчваўся тэрмін службы парабкаў, а значыць, і работа.