лічылася занядбаным дваром. Ляснік Вінцук казаў, што Губарэвіч нават быў не ў стане абслугоўваць свой статак быдла і здаваў яго ў арэнду яўрэю (таму меў толькі частку малака ад статку). З-за гэтага нават самім панам Губарэвічам не хапала смятаны. Яны бралі малочныя прадукты ў яўрэя ў крэдыт і давяралі ягоным бухгалтарскім запісам. Такая сітуацыя трымалася шмат гадоў, і калі яўрэй пачаў патрабаваць грошы, каб заплаціць, сям’і трэба было прадаць кавалак зямлі.
Аднак Губарэвіч не страціў добрага настрою і ўсё жыццё самааддана паляваў. Трымаў статак сабак, якіх потым перадушылі ваўкі. Стары Вінцук апавядаў, што неяк сабакі схапілі ваўка, а Губарэвіч, які знаходзіўся з тылу, саскочыў з каня і голымі рукамі ўхапіў ваўка за заднюю лапу, пасля чаго паламаў яе на сваім калене.
Губарэвічы часам наведвалі двор у Ішчалне, дзе жылі іх сваякі Важынскія. Бабуля Стася расказвала пра адну непрыемную прыгоду, якая здарылася з ёй падчас такога візіту. Яна ўзяла з сабой любімага коціка і неяк разам з ім пайшла на шпацыр. Кот ішоў каля гаспадыні, калі яго раптоўна атакавалі ішчалнянскія паляўнічыя сабакі. Ратуючыся, кот кінуўся да гаспадыні – ганчакі за ім. Бабуля таксама пабегла, але хутка заблыталася ў крыналінах і ўпала. Тады кот, як у адчыненую браму, убег ёй пад спадніцы і схаваўся. За катом палезлі і сабакі… Пачалася мітусня, енкі, крыкі і ўсё гэта закончылася валяр’янавымі кроплямі.
Бацька Леанард Іваноўскі
У памяці дзяцей ён застаўся нешматмоўным і строгім. Любіў і песціў толькі сваю дачку Алену, да сыноў жа ставіўся сурова, і яны яго нават баяліся.
З дакументаў бачна, што Леанард Іваноўскі нарадзіўся 2 лістапада 1845 г. (па старым стылі) у Лябёдцы. Яго маці памерла ў адносна маладым веку, і Леанард рос самастойна, бо бацька Станіслаў меў невялікі ўплыў на свайго нашчадка.
Пасля паўстання 1863 г., з-за матэрыяльных цяжкасцяў, большасць шляхты не магла паслаць сваіх дзяцей вучыцца, і таму трэба з павагай узгадаць старога Станіслава Іваноўскага: ён зрабіў усе, што мог, каб даць сыну сапраўдную адукацыю.
Напачатку Леанард Іваноўскі паступіў у Віленскі шляхецкі інстытут, пасля яго закрыцця ў 1863 г. перавёўся і з добрымі адзнакамі закончыў гімназію №1 у Вільні (знаходзілася на рагу вуліцы Вялікай11 і Святога Яна12 – цяпер гмах універсітэта). Пра яго жыццё ў Вільні вядома не шмат. Здымаў пакой недзе па вуліцы Святога Яна, і потым, калі сын Тадас ужо сам быў студэнтам, паказаў яму вакно сваёй кватэры. Неяк праз тое вакно да яго заляцеў стрыж, Леанард злапаў птушку і зрабіў з яе экспанат, які папоўніў калекцыю ў Лябёдцы.
У гімназіі Іваноўскі цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі і добра ведаў флору і фаўну Віленшчыны. З гімназічных часоў і да першага прыходу бальшавікоў у Лябёдцы захоўваўся яго вялікі гербарый. Падчас паляванняў у ваколіцах Вільні ён вывучаў раслінны і жывёльны свет. Але пасля паўстання 1863 г. у гімназіста канфіскавалі паляўнічую зброю, і Леанард страціў магчымасць паляваць.
Улетку