а яна, дзякуючы сваёй жаночай інтуіцыі, гэта рана зразумела і старалася залагодзіць жорсткасць бацькі.
Здаецца, Леанард Іваноўскі значна больш вольным быў з чужымі людзьмі, чым з сваімі дзецьмі. Калі прыязджаў у Лябёдку, да яго па справах прыходзілі самыя розныя людзі: суседняя шляхта, сяляне ці яўрэі з бліжніх мястэчак. І яму прасцей было знайсці агульную мову з сялянамі, асабліва калі размова вялася пра сельскую гаспадарку. Дзеці памяталі свайго бацьку, які падчас размовы з групай сялян у доўгіх авечых кажухах быў апрануты ў кароткі гаспадарскі кажушок. Вось яны разам аглядаюць палі, сельскагаспадарчыя машыны ці быдла, і інжынер вельмі доўга не развітваецца з сялянамі. Уладальнік маёнтка часта дарыў сялянам ці ёркшырскіх парасят, ці новыя гатункі бульбы, ці маладыя прывітыя дрэўцы. Каб прыахвоціць вяскоўцаў да паляпшэння гаспадаркі, Іваноўскі прыдумаў праводзіць выставы прадукцыі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі ён дабіўся падтрымкі і невялікай субсідыі, афіцыйных пахвальных лістоў і г. д. Выставы адбываліся ў вялікай лябёдскай стадоле, мелі гучны поспех і добра ўплывалі на мясцовых гаспадароў. Леанард Іваноўскі вельмі радаваўся, бо бачыў, з якім шацункам удзельнікі выставы атрымоўвалі грашовыя ўзнагароды ці пахвальныя лісты.
У вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» віленская газета «Кур’ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра адну з гэтакіх сельскагаспадарчых выстаў у Лябёдцы Іваноўскага. «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа… Гаспадарчыя пабудовы лёгкія і танныя… У адной з такіх, высокай і добра пабудаванай шопе, усталяваны простыя, але спрытныя машыны для вырабу дахоўкі, цэглы і пустых знутры вялікіх блокаў… У стайнях, аборах, хлявах, курніках шмат жывёлы розных сартоў, падабраных для нашых умоў. Агароды і купкі пладовых дрэў дэманструюць шматгадовую працу былога прэзідэнта Таварыства Садаводаў. Сады з-за вялікай колькасці сартоў дагледжаных тут дрэваў маюць музейную вартасць… Колькі смачнай і карыснай гародніны стала вядома дзякуючы толькі таму, што сп. Леанард Іваноўскі купляў яе паўсюдна, а потым папулярызаваў сярод мясцовых гаспадароў. Сп. Іваноўскі ёсць найвялікшы знаўца сваёй справы ў Літве… На выставе дэманстраваліся цікавыя вырабы з садавіны і гародніны, вырабленыя пад кіраўніцтвам гаспадыні сп. Ядвігі Іваноўскай. Адборныя віны, кансерваваныя ягады і грыбы ў шкляных і бляшаных банках розных відаў: гародніна па-кіеўску, гародніна сушаная ў адмысловых сушарнях, старасвецкія канфіцюры і сокі, – усё надта смачнае і дасканала вырабленае. Бляшаныя банкі, распрацаваныя Вацлавам Іваноўскім, – простыя, танныя і адначасова дасканалыя і герметычныя, абавязкова будуць выкарыстоўвацца ў прамысловасці… Выстава ў Лябёдцы была арганізаваная для суседніх гмін, і ў ёй прымалі ўдзел вырабы суседніх маёнткаў… Але вырабы