Ян Баршчэўскі

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)


Скачать книгу

дзікоў і ваўкоў, бегалі вакол, равучы так, што пан і Карпа ад страху знепрытомнелі і пападалі на зямлю. Не ведаю, хто іх прывёў да прытомнасці, але пасля тае страшнае ночы чарнакніжнік знік, і ніхто яго потым не бачыў. Пан увесь час маркоціўся, хоць меў шмат золата і іншага багацця – чаго толькі не захоча – усё ёсць; зрабіўся яшчэ больш люты, ніхто яму дагадзіць не мог, нават Карпу выгнаў з маёнтка.

      Калі падарожны апавядаў гэта, дык было чуваць, як шапталіся слухачы: «Вот ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзіраець». І дзядзька адазваўся такімі словамі:

      – Мусіць, спачатку ён быў фармазонам[39] ці пабратаўся з недаверкамі,[40] а чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы. Але што ж далей?

      Падарожны апавядаў далей:

      – Карпа, выгнаны з маёнтка, аддадзены быў у работнікі аднаму заможнаму гаспадару. Ды там ён болей замінаў, чым быў памочнікам, бо, жывучы з дзяцінства ў маёнтку, зрабіўся лайдаком, да таго ж упартым і неслухмяным. Да аканома часта даходзілі скаргі, і той пераводзіў яго з аднае хаты ў другую, але нідзе не мог ён застацца надоўга. Нарэшце Карпа папрасіў аканома заступіцца за яго перад панам, каб далі яму хату і колькі дзесяцін зямлі, бо калі ён сам зробіцца гаспадаром, дык будзе, маўляў, больш старанны. Пан згадзіўся. Пабудавалі яму новую хату, адрэзалі лепшае зямлі, далі пару коней, колькі кароў ды іншае жывёлы на развод. Урэшце задумаў ён жаніцца. Але ніводная гаспадарская дачка не хацела ісці за яго, бо ніхто ні на яго, ні на ягоную гаспадарку не спадзяваўся, бо ведалі ўсе, што ў яго ні веры, ні Бога ў сэрцы няма.

      У гэтай вёсцы жылі колісь мае бацькі, і быў у нас сусед Гарасім. Чалавек ён быў старанны, усяго яму хапала, служыў добра пану, спраўна плаціў падаткі. Меў ён адзіную дачку, Агапку. Пекная была дзяўчына: здаровая, румяная, як спелая ягада. Даўней, як прыбярэцца і прыйдзе на кірмаш з жычкаю[41] ў касе, у чырвонай шнуроўцы[42] – свеціцца, як цвет макавы, усе не могуць на яе наглядзецца, кожны любіў з ёй патанцаваць, і дудар для яе граў найахвотней. Ах! прызнаюся: і мне ў той час яна так прыпала да душы, што і сёння ўспамінаю яе ўздыхаючы. Падабалася яна і Карпу. І вырашыў ён дамагацца яе, але, ведаючы, што не любіць яго дзяўчына, а бацькі не хочуць мець сабе такога зяця, і сватоў, прысланых ад яго, не прынялі, Карпа, каб было па-ягонаму, ідзе да пана, просіць, каб загадаў Агапцы ісці замуж толькі за яго. Бацькі ж яе, даведаўшыся пра гэта, прасілі аканома і ўсю воласць[43] заступіцца, бо Агапка яшчэ занадта маладая і не здолее добра ўпраўляцца ў ягонай хаце; і гаспадарка ў яго ўвачавідкі развальваецца, нічога добрага ад яе не прычакаеш. Па просьбе аканома і вяскоўцаў пан адклаў вяселле на наступны год, а Карпу загадаў, каб напрыканцы гэтага тэрміну паказаў, што зрабіў карыснага і колькі зарабіў грошай.

      Кахаў і я Агапку, але каб пабрацца з ёю – пра такое і думаць не мог. Баяўся панскага гневу, і з Карпам цяжка было спрачацца, бо быў ён дворскі,[44] з рознымі чараўнікамі меў фамільярнае сяброўства і калі б