Ян Баршчэўскі

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)


Скачать книгу

дзе спявалі б райскія птушкі; пад вакном раслі б у яго кветкі, ярчэйшыя, чым зоркі на небе. Вось гэты кот, варкочучы, баяў бы яму старыя дзіўныя гісторыі. З’ехалася б шмат паноў паглядзець на тыя цуды. І ён бы жыў лепш за караля. Ты маладая, прыстойная і разумнейшая за яго, пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду табе памагаць, і мы здзівім свет.

      Гаворачы гэтак, ён сеў на лаву поруч з ёю.

      Агапка, гледзячы яму ў вочы, спыталася:

      – Ці даўно ты знаёмы з маім мужам?

      – Ведаю яго з дзяцінства. Я вандрую па свеце і служу шчаслівым людзям. Ты шчаслівейшая за іншых, табе хачу шчыра служыць.

      – Хто ж ты такі і як тваё імя?

      – Навошта табе ведаць маё імя? Я твой прыяцель. Згадзіся толькі на мае жаданні і мае паслугі, а пасля даведаешся пра ўсё. – І, сыплючы золата на зямлю ды гледзячы на Агапку, дадаў: – Бачыш, што я магу.

      – Я не хцівая, хачу толькі спакою душы. І няхай мяне апякае Прачыстая Маці Сірацінская.

      Ледзь вымавіла імя Маці Божае, – успыхнуў ён полымем і знік у імгненне вока. Агапка з пранізлівым крыкам выбягае за дзверы і падае непрытомная. Ад гэтага крыку прачынаюцца парабкі, бягуць на дапамогу і знаходзяць яе ў сенцах: яна ляжыць як нежывая. Ледзь змаглі вярнуць ёй дыханне. Бяссонная была тая ноч. Не спала Агапка, сядзелі ля яе слугі, хвалюючыся за здароўе пані.

      Раніцою вярнуўся дахаты Карпа. Калі яму расказалі пра гэтае здарэнне, змяніўся з твару і з неспакойнымі думкамі доўга паходжваў сюды-туды. Нарэшце падышоў да жонкі, кажа:

      – Што ж ты нарабіла? Калі пасеяна, дык трэба і жаць, а інакш – людскі смех і няшчасце.

      – Не сеяла я тых злых зярнят, – адказвае яна, плачучы. – Лепей памерці, чым карыстаць з таго жніва.

      Ён кінуўся да жонкі з кулакамі, але яна выскачыла за дзверы і схавалася, пакуль не прайшла ягоная злосць.

      Карпа зусім занядбаў гаспадарку і рэдка калі пасылаў на паншчыну сваіх парабкаў. Аканом абыякава глядзеў на гэта і ўсё яму дараваў, бо Карпа заявіў пану, што хоча быць вольны, і вялікія грошы абяцаў, каб выкупіць сябе і зямлю, на якой жыў.

      Аднойчы ўвечары ў хаце паводле свайго звычаю Карпа ўсхопліваецца, падыходзіць да вакна і сядзіць ля яго задумлівы. Чуваць было, што ён размаўляў сам з сабою. Жонка просіць яго, каб супакоіўся. Карпа толькі адказаў:

      – Вярнуся заўтра, – стукнуў дзвярыма і пайшоў невядома куды.

      Агапка паклікала да сябе кабету, бо баялася адна начаваць. Ледзь толькі задрамала, чуе, што нехта дакрануўся да яе рукі гарачай далоняю. Глянула і бачыць: той мужчына, што яе нядаўна напалохаў, стаіць, дзіўна апрануты, пазірае на яе, і вочы ягоныя гараць, як дзве свечкі, на галаве шапка і пояс, якім ён падперазаўся, чырвоныя, як вуголле ці распаленае жалеза. Агапка здранцвела ад страху, ледзь руку змагла падняць, каб перажагнацца. І ён умомант знік. Разбудзіла Агапка сваю таварышку і расказала ёй пра гэты прывід. Размаўлялі нейкі час, а калі супакоіліся, – зноў тая здань з’явілася перад імі і зноў знікла, як успомнілі імя Езуса і Марыі. Дык усталі з ложка