Ян Баршчэўскі

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)


Скачать книгу

кінула на яркія жарынкі-вугольчыкі свянцоных зёлак. Адразу ж з-за сцяны данёсся як бы шум раптоўнага ветру, і бляск прабег па хаце. Задрыжалі ўсе.

      – Вось ён, – паведаміла ўстрывожаная Агапка. Змоўклі і, мовячы пацеры, чакалі, што будзе далей. Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут.

      Гарасімава жонка зняла з сябе медны крыжык (колісь высвенчаны пры адпушчэнні грахоў у Юхавічах у час Юбілею[53]).

      – Няхай ён будзе тваім абаронцам, – сказала і надзела на шыю дачцэ.

      Калі набожная кабета вымавіла гэтыя словы, дробныя, як град, каменьчыкі, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалі ад сцен; і камяні па некалькі фунтаў выляталі з-за печы, аднак бацькі і дачка, заклікаючы на дапамогу Прачыстую Маці, цэлымі выбеглі за дзверы.

      Сабралася ўся чэлядзь ды са страхам і здзіўленнем паглядалі на хату. З вокан і ад сцен ляцелі камяні рознай велічыні; ніхто туды і наблізіцца не адважваўся. Усе, стоячы, пазіралі на гэтую праяву і не ведалі, што рабіць.

      Мінулася поўнач, заспяваў певень. Тая страляніна крыху супакоілася. Аднак ніхто не адважваўся ўвайсці ў хату. Чэлядзь чакала ўзыходу сонца на падворку, а Агапка пайшла з бацькамі да іхняга жытла.

      Калі сонца было ўжо высока (выгналі ў поле жывёлу, і парабкі, адны з косамі, іншыя з сохамі, выйшлі на работу), прыязджае Карпа. Дом пусты. Сустрэў адну толькі кабету, якая прыйшла з поля, убачыўшы, што вяртаецца гаспадар. Пытаецца ў яе:

      – Што тут чыніцца і дзе жонка?

      Кабета апавядае яму, як усё было. Карпа перапалохаўся, змяніўся з твару.

      – Яна мяне загубіла, – закрычаў ён і адразу пайшоў да чараўніка Парамона.

      Вестка пра здарэнне ў той самы дзень разышлася па ўсёй ваколіцы. У панскім маёнтку адны паверылі, што ўсё гэта ад сілы шатанскае, іншыя ж смяяліся, кажучы, што тут проста нейкае свавольства. Гарасім паведаміў пра ўсё пробашчу, просячы, каб ён гэтага ж дня прыехаў да Карпавае сядзібы і пасвянціў небяспечны дом, у якім завёўся шатан.

      Адвячоркам цікаўны люд папрыходзіў з усяе воласці, каб пабачыць тыя дзівы. Прыйшоў аканом і з ім шмат маладых ды смелых хлопцаў з маёнтка, якія, не верачы ў моц шатанскую, спадзяваліся, што зловяць якога-небудзь свавольніка. Колькі з іх, не зважаючы ні на што, нават адчынілі дзверы і хацелі ўвайсці ў хату, але не паспелі стаць на парозе, як усе з крыкам кінуліся назад, бо камень выцяў аднаго з іх так, што хлопец ледзьве апрытомнеў. Люд, паглядаючы на гэтыя дзівы, стаяў здалёк ад дома, а камяні штораз гусцей сыпалі адтуль.

      Карпа ад роспачы змяніўся ўвесь і, быццам непрытомны, праклінаючы жонку, суседзяў і лёкаяў, хацеў уварвацца ў хату, але яму не дазволілі. Парамон, што стаяў побач, шаптаў нешта, але сваімі чарамі ўжо не мог дапамагчы. Пан К. Г., апанаваны цікаўнасцю, таксама