Андрусь Горват

Радзіва «Прудок»


Скачать книгу

поле нарэшце скончылася, і мы залезлі ў хмызняк. Мае ногі ўжо былі мокрыя. Ніхто з нас не сказаў ні слова. Толькі з Арцёмам перакідваліся ўсмешкамі. Мая ўсмешка азначала: «Ну як табе?». Арцём усміхаўся ў адказ: «Гэта і ёсць палескае сафары?».

      Выйшлі на запруду. Наваколле далёка праглядалася. На зямлі ляжалі цені ад хвояў. Гэтым разам я заняў пазіцыю пасярэдзіне і ішоў нага ў нагу за дзядзькам. Я пільна сачыў за рухам ягоных ботаў і паддаўся гіпнозу. Хацелася ісці доўга. Здавалася, хапае моцы, каб ісці ўсё жыццё.

      Але брэх Барсука перарваў той паўсон. Я пачаў пазнаваць дзедава селішча, што, як паўвостраў, адным краем улеплена ў дзікае наваколле. Дзядзька Валодзя паставіў стрэльбу на ганак, сам сеў на лаўку, дастаў пачак з цыгарэтамі.

      – Месячна сёння. Калі б не было месячна, патрапілі б. Закурыў цыгарэту.

      «Ну і ціш. Лісток не шалахнецца», – узгадаў я дзедавы словы.

      А там, у лесе, сёння вернецца ў кубло здаравенны воўк. Да маленькай ваўчыцы і трох ваўчанят.

      Ранкам пілі каву ў кухні. Дзядзька Валодзя ізноў апраўдваўся, што было месячна.

      – Таго ваўка хіба стрэліш? То, бра, хітры паскуда. Яго так не патрапіш, – баба Гаша пазірала на лес за акном. – Хітры, бра…

      – Каб не было месячна, стрэліў бы.

      – Ага, стрэліў бы… Усроўся б…

      Раздзел 3

      Сёння я піў самагон

* * *

      Часам хочацца піва, а купіць не магу.

* * *

      Сказаў прудкаўцам, што я не пʼю. Гэтым адрозніваецца жыццё ў вёсцы: няможна схавацца. З кім спаў і што піў – усе даведаюцца.

      Добры дзень, мяне завуць Андрусь Іванавіч, мне 32 гады і я не магу купіць піва.

* * *

      «Рухаючыся праз Мінск, Мазыр, Нароўлю ў Чарнобыль, мы амаль увесь час ішлі лясамі. Каля Нароўлі мы праходзілі па такіх мясцінах у першабытных лясах, дзе нейкую вёсачку ці ліхую карчомку можна было ўбачыць толькі праз некалькі міляў адна ад адной. Жыхары гэтых малых паселішчаў былі такімі палахлівымі, што перад нашым набліжэннем з жонкамі і дзецьмі хаваліся ў лясах, а мы натыкаліся на пустыя сялібы. І толькі пазней, прывабленыя нашымі падарункамі, а канкрэтна гарэлкай, асобныя з іх вярталіся дадому».

      «Дзённік генерала Яна Вейсенгофа», 1790.

* * *

      Дыялог у краме.

      – Е ці не е?

      – Е.

      – Дай.

      – На.

      Калі ўвядуць падатак на літары, мы выжывем. Мы нават зэканоміць можам у ліхія часіны:

      – Е?

      – Е!

* * *

      Ляжу пад яблынькай. Трэцяя ноч не ў ложку, а на зямлі ў садзе. Каровы варушацца ў кароўніку. Суседскі сабака брэша на купальскага дзядка.

      Ёсць імавернасць дажджу. Ці што заказыча ў сне русалка. Ці яблык упадзе на галаву. Але мы, прудкаўскія хлопцы, нічога не баімся.

      Канец сённяшняга эфіру. Дабранач. Гімн.

* * *

      Прачнуўся, бо адчуў, што на мяне хтосьці пазірае. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Колю Валодзі Кульгавага. А я ніяк не магу схаваць, як мне хораша было спаць. Коля бачыць, што мне шчасліва, і хоча, каб і яму было