да сябе. «Няхай, – раз’юшана думала Бася, аб’ядаючы салодкія ягады рабіны, – калі-небудзь я абавязкова адыграюся». Пераконваючы сябе ў гэтым і адначасова суцяшаючы, дзяўчынка яшчэ больш засмуцілася. Заняцца было цалкам нечым, таму Бася ўзялася разглядаць скаваныя інеем дрэвы, якія цягнуліся павольнай чарадой уздоўж шляху. Але ў думках дзяўчынка ўвесь час вярталася да Міхала, а вочы не-не ды і прабягалі міма яго. Дзень быў безнадзейна сапсаваны.
Да таго часу, як зрабілася змрочна, кавалькада паспела даехаць да чарговага маёнтка і спыніцца на начлег. Па двары забегалі слугі, якія не чакалі прыезду такіх важных гасцей, паны і панны мітусіліся і спрачаліся: кожнаму карцела заняць самыя лепшыя месцы для вячэры і начлегу. Апошнімі днямі Басі не дазвалялася вячэраць разам з усімі. Паводле загаду лекара ёй належала заставацца ў асобным пакоі і захоўваць пасцельны рэжым. Але як толькі яна ўбачыла, што Міхал да яе жаху пераключыў увагу з паджылых прыдворных паннаў на юных паненак, Бася вырашыла любым чынам вырвацца са свайго часовага зняволення ў агульную залу, дзе вячэрала світа.
Калі да яе прыйшоў лекар разам са слугамі, якія павінны былі аднесці яе ў маёнтак, дзяўчынка паспрабавала ўпэўніць старога, што яна ўжо можа самастойна хадзіць і чужая дапамога ёй не патрэбна, але лекар цвёрда настойваў на сваім, і Басі нічога не заставалася, як згадзіцца. Дачакаўшыся, пакуль пойдуць слугі, яна пачала ўмольваць лекара:
– Пане лекару, калі ласка, можна я сёння павячэраю разам з усімі? Мне тут так нудна і самотна!..
– Не-не, што вы, пані Барбара! Гэтага ніяк нельга, вы ж яшчэ не цалкам здаровая. Тым больш паўсюль скавышы.
Бася журботна ўздыхнула.
– Ну а калі я зусім трошачкі? Пасяджу гадзінку ў зале, а потым вярнуся сюды?
– Не, нельга, – упарціўся лекар. – Што, калі за гэтую гадзіну з вамі нешта здарыцца? Што, калі вы паваліцеся ці нехта вас незнарок штурхне? Калі вы зноў пашкодзіце спіну, то на ваша вылячэнне пойдзе зашмат часу, і тады ўжо ні пра якія вячэры, балі і іншыя забавы і гутаркі ісці не будзе. Вы ж не хочаце бавіць час у сталіцы, лежачы ў пасцелі, праўда, пані Барбара?
– Не жадаю. Але чаму вы думаеце, што я абавязкова сабе нешта пашкоджу? Я буду вельмі асцярожная. Праўда! – Бася зрабіла ўмольныя вочы.
– Не-не, і не трэба так пазіраць на мяне! Няўжо здароўе для вас зусім нічога не значыць? Вам трэ быць надта асцярожнай, вы ж яшчэ такая юная! Навошта рызыкаваць? Вось прыедзеце ў Кракаў, там ужо будзеце і на балі хадзіць, і шпацыраваць, колькі вам захочацца, а зараз будзьце ласкавая трымацца рэжыму.
Слухаючы лекара, Бася насупілася, на вочы мімаволі навярнуліся слёзы.
– О-о, гэтага яшчэ нам не хапала! – усклікнуў стары. – І чаму ўсе юныя асобы пачынаюць плакаць, калі жадаюць дамагчыся ажыццяўлення сваіх капрызаў? На жаль, даражэнькая, гэты сродак не заўсёды дзейнічае. Як бы вы ні плакалі, я вас не адпушчу на вячэру. Для мяне значна важней, каб вы былі здаровая.
– Вось вы, пане лекару, думаеце, я проста так плачу?