дзяўчынкі мімаволі заструменіліся слёзы. Яна злавіла сябе на тым, што ўжо прызвычаілася жыць у XVI стагоддзі і, хаця яна ўвесь час памятала пра бацькоў і вельмі сумавала па іх, з ёй адбывалася столькі ўсяго, што яна нібы трохі аддалілася ад сапраўднага жыцця ў сваім часе. Але ў гэты дзень Бася з яшчэ большай сілай затужыла па родных, ёй вельмі закарцела вярнуцца дамоў як мага хутчэй. Ад жалю да сябе, ад уласнага бяссілля Бася душылася рыданнямі, раскоўзваючы слёзы па твары. Убачыўшы, як яна плача, Міхал не на жарт занепакоіўся ды перабраўся да яе ў вазок. Высветліўшы, у чым справа, ён абняў Басю і пачаў ціха ўмольваць дзяўчынку не адчайвацца.
Нібы знарок, у рэзідэнцыі Басю пасялілі ў пакоі разам з паненкамі, якія заляцаліся да Міхала. Як ні дзіўна, яны былі надта ветлівыя ды спагадлівыя. Хаця кожны раз, калі Бася выходзіла з пакоя, пачыналі аб чымсьці шаптацца. Зараз большасць часу дзяўчынцы даводзілася праводзіць разам з суседкамі. Яны ўвесь час расхвальвалі Басю, распавядаючы ёй, якая яна прыгажуня, ад чаго дзяўчынка адразу зразумела, што ёй неабходна спыняцца злоўжываць піражкамі і як мага больш шпацыраваць ці нават бегаць, калі ніхто не бачыць. Яе новыя сяброўкі распавядалі, як ёй пашанцавала з «жаніхом», які годны пан Міхал і што ні ў якім выпадку нельга такога пана выпускаць з-пад увагі. Паненкі таксама дзяліліся з Басяй сваімі найпатаемнейшымі сакрэтамі і абавязкова раіліся з ёй наконт кожнай дробязі. Вельмі хутка Бася здабыла давер і павагу ў кампаніі суседак, што вельмі цешыла яе. Яна заўважыла, што пакінула ставіцца да іх з прадузятасцю і нават пачала пераймаць паводзіны новаспечаных сябровак. Знайшоўшы ў сабе такія змены, дзяўчынка прыйшла ў невымоўны жах і вырашыла ўсё-такі прытрымлівацца ўласных сталых нормаў, каб канчаткова не пераўтварыцца ў «сапраўдную паненку».
З Міхалам Бася сустракалася радзей, бо з абавязку па службе ён быў размешчаны ў арсенале на першым паверсе рэзідэнцыі і часцей за ўсё суправаджаў пана князя Мікалая.
Вялікая княгіня Барбара запрасіла сваю братавую ў Каралеўскі замак на прыём, каб паслухаць апошнія навіны з Вільні, паказаць каранацыйны ўбор дый проста папляткарыць. Княгіня Альжбэта вырашыла ўзяць з сабой Басю ў якасці суправаджальніцы. Басіны сяброўкі былі гатовыя трэснуць ад зайздрасці – яны і марыць не маглі аб тым, каб хтосьці з іх пайшоў на канфідэнцыйны прыём да будучай каралевы, а тут паненка, якая зусім нядаўна з’явілася пры двары, здолела выклікаць да сябе такую прыхільнасць з боку княгіні.
Бася з вялікай нецярплівасцю чакала, калі яны, урэшце, пойдуць у замак. Хаця яе ўжо і не здзіўлялі многія здарэнні, удзельніцай якіх яна мімаволі зрабілася, але ўбачыць на ўласныя вочы вялікую княгіню Барбару дзяўчынцы здавалася нечым неверагодным. Увесь шлях да замка ёй давялося несці за Альжбэтай Радзівіл цяжкую торбу з рукадзеллем і іншымі дамскімі пусцяковінамі.
На прыёме яна моўчкі сядзела на лавачцы каля ног Альжбэты Радзівіл, глядзела на вялікую княгіню Барбару і слухала гутарку дзвюх жанчын. Будучая