Ксенія Шталенкова

Адваротны бок люстра


Скачать книгу

«Няўжо яны жадаюць запрасіць мяне на танец?!» – з жахам падумала дзяўчынка. Калі самы адважны з юнакоў накіраваўся да яе, Бася пачала позіркам шукаць шляхі да адступлення і з радасцю ўбачыла Міхала, які спяшаўся да яе: яго дзіўным чынам гналі Зося, Ануся і Кшыся. Ён у адзін скачок пераадолеў адлегласць, якая раздзяляла яго і Басю, і апынуўся побач. На тварах паненак і юнага шляхціча, які намагаўся ангажыраваць дзяўчынку, адначасова выявілася расчараванне. Юнак, нядоўга думаючы, вырашыў змяніць маршрут і ўзяць на прыступ Басіных сябровак.

      Міхал цяжка дыхаў.

      – Што з табой здарылася? – спытала яна.

      – А? – не адразу зразумеў ён. – Твае сяброўкі жадалі запрасіць мяне на танец.

      – І ты адмовіўся? Юнак зарагатаў:

      – Ледзь-ледзь паспеў уцячы!

      Бася зноў пачала назіраць за танцамі.

      – А ты чаму такая самотная?

      – Ды мне шкада, што я зусім не ўмею таньчыць. Вашыя танцы такія прыгожыя!

      – Фу, лухта! – фыркнуў Міхал.

      – Ну чаму адразу лухта? Ты ўмееш?

      – Што? Танцаваць? Ну… умею, але не люблю. Дый не надта добра ў мяне гэта атрымліваецца.

      З хвіліну яны прастаялі моўчкі.

      – Бася, – паклікаў Міхал.

      – Што?

      – А давай уцячом адсюль!

      Сябры выбеглі з душнай залы ў прасторны ўнутраны двор, дзе зусім нікога не было. Знутры даносілася музыка, у марозным паветры яскравіліся рэдкія сняжынкі, з вокнаў лілося яркае святло, якое расчэрчвала двор на чатырохкутнікі.

      – Пані Барбара, дазвольце запрасіць вас на танец! – сур’ёзным голасам сказаў Міхал і пакланіўся.

      – Міхал, не дурыся!

      – Як? Вы адмаўляецеся ад майго запрашэння? – здзівіўся юнак. Бася рассмяялася, але ў тое ж імгненне, зрабіўшы сур’ёзную міну, як і ў сябра, пакланілася, распростваючы крыссе сукні:

      – Я прымаю вашае запрашэнне, пане Міхалу.

      Яны ўзяліся за рукі і зрабілі нейкае па, якога не існавала ні ў адным танцы. І тут Міхал падхапіў Басю, і яны закружыліся па двары, заліваючыся вясёлым рогатам. Яны вальсавалі па дворыку, пакуль у абаіх не закруцілася галава. Міхал з Басяй прытуліліся да тонкай калоны, якая падтрымлівала балкон.

      – Ты толькі паглядзі, якія зоры! – з захапленнем усклікнула дзяўчынка.

      – Ага, – згадзіўся юнак.

      – Усё так цудоўна! Яшчэ б паесці штосьці.

      – Ох, Баська, ты цалкам пазбаўленая паэзіі! Я так і ведаў, што ты захочаш есці, – сказаў Міхал, выцягваючы з кішэні завернуты ў сурвэтку пернік.

      Ён разламаў яго на дзве часткі і адну працягнуў Басі.

      – Міхалачак, які ж ты!.. – з захапленнем вымавіла дзяўчынка.

      – Які? – заліўся чырванню юнак.

      – Самы-найсамы!

      Яны стаялі так, адны ў цэлым свеце, любаваліся зорамі і жавалі пернік. Бася прытулілася да пляча Міхала і, закінуўшы назад галаву, паглядзела на яго. Ён усміхнуўся і асцярожна абняў дзяўчынку. Яна падумала, што ніколі не адчувала сябе такой шчаслівай, як сёння, і, здаецца, ніколі не