Алесь Аркуш

Мясцовы час


Скачать книгу

Кузьмін.

      Хлопцы былі падобныя да шкаляроў, якія вырашылі далучыцца да чагосьці эзатэрычнага і ня ведалі, зь якога боку падступіцца.

      – Алесь выдатна сьпявае. – Воюш кіўнуў на Кузьміна. – Мае неверагодны фальцэт. Яны тут прынесьлі стужку. Можам паслухаць.

      Воюш падышоў да магнітафона і націснуў клявішу. Запіс быў прымітыўны, але патэнцыял вакаліста ўсё ж дэманстраваў. Песьні нагадвалі ангельскі панк-рок 70-х зь відавочным уплывам «новай хвалі». Пазьней некаторыя з гэтых песень хлопцы перапісалі па-беларуску і яны трапілі ў альбом «Слота».

      – Усё добра, толькі мова ня наша, – сказаў Воюш, праслухаўшы адну зь песьняў. – Вось засьпяваеце па-беларуску – будзе тое, што трэба. Па-беларуску вам нават лацьвей будзе сьпяваць, бо наша мова больш мілагучная.

      Воюш быў аматарам распавядаць пра вялікія перавагі роднай мовы.

      – Але тэксты вы нармалёвыя пішаце. Не банальныя і не прымітыўныя. І, галоўнае, ня ў лоб, – пахваліў я хлопцаў.

      – Гэта мы са Сьвідрыцкім і пішам, – паведаміў Кузьмін.

      Кузьмін спрабаваў гаварыць па-беларуску. Пэрыядычна зьбіваўся на расейшчыну, але вымаўленьне меў амаль бездакорнае. Горш атрымлівалася ў Сьвідрыцкага. Гаварыў ён па-расейску з выкарыстаньнем асобных беларускіх словаў. Але вымаўляў іх жахліва, як студэнт Наваполацкага політэхнічнага інстытута зь якіх-небудзь далёкіх краёў. Таму, відавочна, саромеўся і амаль не падаваў голаса. Толькі ляканічна адказваў на пытаньні, якія мы з Воюшам яму задавалі.

      Разьвітваючыся, я запісаў музыкам свой службовы тэлефон і інтэрнатаўскі адрас. Хлопцы мне спадабаліся. Была ў іх нейкая жарынка, божая іскра. Бо нічога добрага нельга зрабіць, калі не гарыш справай.

      Гісторык Сяргей Тарасаў, які прыканцы 80-х вёў археалягічныя дасьледаваньні Полацка, быў яшчэ і пісьменьнікам, таму нярэдка наведваў наваполацкія «Крыніцы». Пісаў ён апавяданьні на гістарычныя тэмы. Слухаць, як ён чытае свае аповеды, было цікава. Але яшчэ цікавей было знаходзіцца зь ім у археалягічным раскопе. У той год ён раскапаў на цэнтральным пляцы Полацка, на былым Вялікім пасадзе, унікальную, надзвычай вялікіх памераў сядзібу полацкага ювэліра-залатара. Знаходкі, якія трапляліся ў гэтым культурным слоі, датавалі сядзібу сярэдзінай ХІІ – пачаткам ХІІІ стагодзьдзя. Якраз у гэты час жыў славуты полацкі ювэлір Лазар Богша, які зрабіў на замову Эўфрасіньні Полацкай легендарны Крыж. Сяргей Тарасаў выказаў здагадку: ці не на сядзібу слыннага полацкага залатара трапілі археолягі? Гэтая здагадка надавала нам, крынічанам, якія кожныя выходныя праводзілі ў раскопе, новых сілаў і азарту.

      Вярталіся ў Наваполацак мы ўсім крынічанскім гуртам. Каб сесьці на аўтобус да Нафтаграду, трэба было ісьці ажно да аўтавакзалу. Па дарозе Уладзімер Арлоў расказваў пра старажытную сталіцу крывічоў. Калі мы абміналі старыя будынкі, у якіх на пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся мясцовыя гатэлі, Арлоў абавязкова згадваў іх назвы. Але я так і не запомніў, у якім быў «Лёндан», у якім «Эўропа», а ў якім «Гранд-Гатэль».

*