так можна сказаць пра паэта.
Але чаканне зацягнулася, і пра важныя праўды ўсе неяк забылі. Не тое, каб расчараваліся, не. Проста зразумелі, што жыць можна і без важных праўдаў. І што так нават і лепей.
А потым прыйшла іншая эпоха. Для якой быць паэтам значыла штосьці зусім іншае.
Нейкі мілы і сентыментальны дадатак да жыцця, штосьці накшталт капучына пасля абеду.
Альбо нядзельнага паходу ў цырк, дзе акрабаты пад купалам вырабляюць са словаў складаныя піруэты. І дзе трэба пляскаць у ладкі пасля асабліва складаных па, гледзячы на ўсё з бяспечнай аддаленасці глядзельнай залы.
Трэба сказаць, што ён не быў надта крытычны да гэтага новага часу. Паэзія – адзін з самых небяспечных заняткаў, – сказаў ён. Асабліва для тых, хто патрапіў усярэдзіну.
І таму тыя, хто прадчувае глыбіні, ведаюць, як няпроста быць лёгкімі. І цэняць гэта.
Адна з частак ягонай душы імкнулася, як сказаў бы Платон, да прыпамінання эйдасаў. Некаторыя лічылі, што, як для паэта, ён занадта сябраваў з ідэямі. Гэта, зрэшты, сталася яго прафесіяй: ён зарабляў на жыццё тым, што расказваў пра ідэі ў розных універсітэтах, і нават на розных мовах.
І ўсё ж ягонае імкненне зазірнуць за завесу нашага спектакля ніколі не сканчалася ведай альбо мудрасцю: звычайна ён заставаўся адзін, сярод парэпаных дэкарацый, у прадчуванні музыкі.
Дысертацыю ён так і не абараніў, хаця некалькі разоў быў блізкі да поспеху. Гэта каштавала яму ладнай часткі заробку, але штосьці ўтрымлівала яго ад гэтага кроку.
Паэты шмат што ведаюць, – сказаў ён мне аднойчы, – і пра шмат што маўчаць.
Іх веда іншая, чым докса, меркаванне большасці, гэта ясна.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.