Ігар Бабкоў

Хвілінка. Тры гісторыі


Скачать книгу

тыя часы цытаты былі формай расказаць пра тое, пра што казаць наўпрост было нельга. І падручнік па граматыцы быў поўны не столькі граматычнымі прыкладамі, колькі перадусім цытатамі. З тых самых старакітайскіх кнігаў – далёкіх і недаступных.

      Я гэта зразумеў пазней, але тады мой выгляд быў дастаткова разгублены.

      І тут я, нечакана для сябе самога, сказаў тое, чым трызніў ужо даўно, але ў чым баяўся прызнацца нават сабе самому.

      І пісаць таксама, адказаў я. І таксама ўсміхнуўся.

      Францішак моцна ўзрадаваўся, як быццам ён чакаў менавіта гэтага.

      – Гэта цудоўна. Але столькі ўжо напісана.

      Гэтае але ў ягоных словах зусім не гучала як перасцярога ці скептычны недавер. Наадварот, нібы запрашала, падбадзёрвала. Ён прамовіў гэтыя словы так урачыста, як быццам прымаў мяне ў нейкую загадкавую секту.

      – Францішак, – сказаў ён бадзёра і крыху іранічна, працягваючы руку для знаёмства, – арыенталіст-аматар.

      – П’ер Менар, аўтар Дон Кіхота, – прадставіўся я.

* * *

      Мы сышліся вельмі хутка, магчыма таму, што ідэальна дапаўнялі адзін аднаго, а можа наадварот, – ідэальна адзін аднаму пярэчылі.

      Я быў захоплены тады дадатковымі сэнсамі, лабірынтамі і нечаканымі паваротамі лёсу. Я лічыў, што жыццё невыпадкова такое складанае, і імкнуўся ўскладніць яго ў літаратуры да скраю, да канца.

      Мы размаўлялі гадзінамі, гаворачы пра сюжэты, характары. Пра аўтараў і іх жыцці. Пра ўдалыя і няўдалыя творы.

      Усялякая драбяза – дзе чалавек нарадзіўся, што яму распавядала бабуля, якія ў яго былі сябры і па якіх вулках ён блукаў у дзяцінстве – для мяне ўсё гэта мела значэнне, займала важнае месца ў каталогах чалавечых лёсаў. Я калекцыянаваў падрабязнасці, сплятаў іх між сабой, знаходзіў паралелі і пераходы, выхады й тупікі.

      Францішак сказаў аднойчы, што я быў залішне ўважлівы да персанажаў другога плану. Што я вёў сцежкі чалавечых жыццяў – для сваіх герояў – прадзіраючыся праз гушчар рэальнасці, і ўвесь час спыняўся, каб пагледзець, што там робіць гэтая мілая звірушка.

      Для Францішка ж важна было трымацца самой сэрцавіны, агульнага гештальту, як мы тады казалі.

      Ад яе, сэрцавіны, усё пачыналася і ёй урэшце сканчалася.

      – Больш давай веры словам, – казаў ён, – чакай, пакуль яны самі складуцца ў нешта, і ўсё патлумачаць.

      – Усё ж такі мова – гэта дом быцця, а філосафы і паэты – вартаўнікі гэтага прытулку, – цытаваў ён кагосьці відавочна важнага, каго трэба было ведаць.

      – Разумееш, пісаць – гэта верыць, што ўсё ў свеце мае свой сэнс і сваё месца, – казаў ён. – І не проста верыць, а нашэптваць гэты сэнс, нахукваць, шаманіць.

      Затаіцца ў чаканні, што ўсё складзецца менавіта так, а не інакш, бо інакш проста немагчыма.

      – Дакладна ведаць, што ўсё гэта значыць, зусім не абавязкова, – сказаў ён тады. – Звычайна мы хочам нейкай уцямнасці, відавочных знакаў. А разуменне чагосьці вырастае ў нас паволі, як фотаздымак, які праяўляецца ў адмысловай рошчыне.

      Паэты насамрэч шукаюць гэтую рошчыну, у якой праявіцца тое, чым