ў нашых жыццях, якія мы пражываем адно за адным? Ці гэтага не замала?
Потым, ужо ў тралейбусе, амаль пустым, які вёз мяне па восеньскім горадзе, я раптам зразумеў: аднойчы я таксама знікну ў часе, і мяне больш ніколі не будзе.
Усё застанецца такім, як ёсць: парк, горад і рака, людзі, што шпацыруюць, самотны тралейбус уначы, але ўжо без мяне, хтосьці іншы будзе сціскаць гэтыя парэнчы.
Я ледзь не расплакаўся.
Гэтая веда была як здрада, як прабоіна ў чоўне.
Чалавек, які толькі пачынае сваё жыццёвае падарожжа, раптам разумее, што жагляр дзіравы, і вада ўжо цурчыць, пачала ўжо заліваць далёкія адсекі.
Гэта быў нават не страх, бо смерць была далёка, яна яшчэ не з’явілася ў сваіх апранахах, у сваёй рэальнасці. Гэта была хутчэй крыўда, крыўда на дарослых: так, яны маглі б штосьці зрабіць, калі б захацелі.
Але дарослыя паводзілі сябе досыць дзіўна: яны толькі глядзелі сумна-вільготнымі вачыма і не прызнаваліся ў тым, што яны хаця б разумеюць, пра што гаворка. Яны паводзілі сябе так, быццам пра гэта не ведаюць, хаця не ведаць пра гэта было нельга.
Мусіць быць нейкі сэнс усяго, думаў я. Не можа быць, каб усе жылі проста так, разумеючы, чым усё скончыцца, і не спрабуючы штосьці зрабіць.
Потым я вырашыў: трэба навучыцца з гэтым жыць, так, як усе. Не задаючы лішніх пытанняў, спрабуючы заглушыць гэтую веду. Боль сапраўды заціхаў, адпускаў на гады і дзесяцігоддзі.
Але праз пэўны час вяртаўся.
У самыя нечаканыя і нязручныя моманты.
У Лондане, у інтэрнаце на Пэдынгтан, у пакойчыку, які я дзяліў з інданезійскім прыяцелем, дзе я тры месяцы рабіў выгляд, што чытаю кнігі, хаця думаў толькі пра гэта.
Альбо значна пазней, у Менску, калі пачаў падбірацца да сарака, і раптам зразумеў, што я на плато, што ўзыходжанне адбылося, і наперадзе мяне чакае толькі спуск.
Спускацца заўсёды больш складана, чым узыходзіць. Тыя, хто быў на вышынях, ведаюць пра гэта.
Але тады праз пэўны час, я зразумеў: я ўжо ніколі не змагу супасці са сваёй маскай, гуляць гэты спектакль, быць як усе.
Я адчуваў сябе бяздомным акцёрам, які раптам пасярод п’есы зразумеў, што яму няма куды вяртацца.
Пакуль не здарылася гэтае месца. Невялічкі закуток з трыма барнымі стойкамі.
І адмысловым відам на рэчаіснасць.
Напачатку мне здавалася, што сюды прыходзяць тыя, хто нешта ведае.
Мінула шмат часу, перш чым я зразумеў, што яны такія ж бяздомныя, як і я. Што нас проста прыбіла хваляй адзін да аднаго – у гэтым часе, у гэтай прасторы.
З некаторымі я пазнаёміўся тут, у Хвілінцы.
З іншымі мы сустрэліся пазней, яшчэ раз. Выпадкова сутыкнуўшыся ў Бібліятэцы альбо ва Ўніверсітэце.
Рэшта проста засталася ў памяці, невядомымі на старых фотаздымках, вобразамі з маіх сноў.
Потым у розных гарадах я бачыў розныя кавярні: яны, як і людзі, розніліся, і не толькі выглядам.
Я піў каву ў Варшаве і Вільні, Берліне і Парыжы, Празе і Львове. Нават у Лондане і Будапешце.
Кавярні былі сапраўды