чалавек пачынае разумець, кім ён ёсць насамрэч. Альбо, як любілі казаць мае новыя сябры, кім ён быў да свайго нараджэння.
І таму я ўважліва слухаў жэсты, позіркі, цішыню. Каб урэшце словы адкрыліся і падарылі свае таямніцы.
Маўчанне заўсёды больш загадкавае. Бо словы, калі яны нарэшце з’яўляліся, вельмі часта былі не тыя. Яны слізгацелі па паверхні. Ніяк не маглі адарвацца ад таго, што ўсе гавораць, выйсці за межы свайго часу.
Хаця, праўду кажучы, менавіта ад часу, ад эпохі больш за ўсё і хацелася адарвацца. Эпоха была тады не проста нецікавая, яна была нейкая пастарэлая, завершаная…
Здараліся і карнавалы.
Раз-пораз сюды зазіралі акторы Лепшага тэатра, звычайна пасля рэпетыцыі, а часам нават і перад спектаклем. Іх было бачна адразу. Яны заходзілі ў Хвілінку, як на сцэну, весела і святочна, нават крыху па-цыганску. І радасна – цяпер яны ладзілі свой уласны спектакль і маглі гаварыць сваімі галасамі.
Але ўсё было не так проста. Іх галасы існавалі, як быццам, па-за іх уладальнікамі. Інтанацыі, эмоцыі, словы – усё гэта ўцякала ад іх, аддзялялася, хацела быць асобным і самадастатковым.
Напачатку я разгубіўся.
Усё было не так, як выглядала. Усё блытала, падманвала.
Нават знешняе: самы эфектны, з вусамі, як у Сальвадора Далі, быў сціплым асвятляльнікам, а іншы, просты, амаль незаўважны, – геніяльным акторам.
Яны гуляліся ў адмысловую гульню.
Прымервалі маскі. Мянялі іх. І нават мяняліся імі.
У гэтым было штосьці дзіўнае: сёння ты Праспера ў містычнай п’есе Шэкспіра, а заўтра – сакратар райкама партыі ў вытворчай аднадзёнцы невядомага савецкага аўтара.
Я так і не змог зразумець да канца, што з імі адбывалася.
Не змог прачытаць іх сапраўдныя твары. Тыя, якімі яны былі ў рэальнасці. Ці маглі б быць.
Іх маскі не проста прырасталі да твараў, яны і былі іх тварамі.
Трэба сказаць, што ў жыцці ўсё было наадварот. Усе хацелі стаць кімсьці. Выбраць сабе толькі адзін твар – адразу і назаўсёды.
Там, у тым жыцці гэтая гульня называлася “знайсці сябе”. У яе гулялі сур’ёзна і апантана. Часам усё жыццё.
Яны ж ішлі ў адваротным кірунку. Гублялі сябе, растрачвалі сябе на розныя жыцці, прымяралі – і прымяраліся – да розных твараў.
Я ўжо тады адчуваў, як гэта было небяспечна. Бо чым больш масак ты прымяраеш, тым менш здольны ў іх верыць, лічыць іх сваімі.
І тым менш верыш, што п’еса мае хаця б які сэнс.
І яшчэ адно пытанне ўсё ж вярэдзіла і цікавала.
Што адбывалася з імі позна ўвечары, калі яны здымалі маскі? Калі яны заставаліся сам-насам з пустэляй? Што яна ім гаварыла ў гэты момант? Што нашэптвала? Чым спакушала?
Прызнаюся шчыра, гледзячы на іх, мне самому захацелася пра гэта даведацца. Выйсці на сцэну са сваёй маскай. Ці, можа, са сваімі маскамі. Стаць часткай карнавала.
Але аднойчы ранкам я прачнуўся і ўцяміў, што нікуды не трэба выходзіць. Што я і так ужо на сцэне.
І што спектакль ідзе даўно і напоўніцу.
Самая цікавая кампанія