мове студэнт Ігнат Мазур здаў, як кажуць, «на падваконні». Выкладчык Аркадзь Шаркевіч – шчыры і спагадлівы – толькі спытаў у яго, ці вучыў ён у школе мову. Так, вучыў, адказаў на тое Ігнат Мазур і дадаў, што ў дзяцінстве кожнае лета праводзіў на вёсцы, так што матрыца мовы, цалкам магчыма, была закладзена ў ім менавіта ў той час. Выкладчыка Шаркевіча такі адказ вельмі задаволіў. Яны размаўлялі ў фае ля акна. Выкладчык Шаркевіч палез у нейкі сшытак, у якім і праверыў, як аказалася, вынікі апошняй дыктоўкі: там у студэнта Ігната Мазура стаяла адзнака ў чатыры балы. І тут жа, сапраўды на падваконні, паставіў яму залік.
Адзін са студэнтаў – Гурам Хуцышвілі – быў нават з Грузіі, з Тбілісі. Ён вучыўся на першым курсе і, як пазней расказаў у інтэрнаце за бутэлькай віна Ігнату Мазуру, уладкаваў яго сюды бацька, начальнік аўтакалоны ў Тбілісі. «За інтарэс?» – вяла пацікавіўся тады студэнт Мазур, і Гурам Хуцышвілі красамоўна ўзняў бровы – ён не ўмеў хітраваць.
Увогуле студэнты, як ужо даўно ўпэўніўся Ігнат Мазур, былі пад пільным ідэалагічным, і не толькі, наглядам. Нечакана з’явіўся на даляглядзе, выскачыў, быццам чорцік з партабачкі, другі намеснік дэкана па ідэалагічнай працы Пушко – той прыслухоўваўся на перапынках, хто пра што гаворыць, прызначаў старастаў і таемна прымаў іх у сябе ў кабінеце, наведваў, калі раніцай, а калі і па вечарах, інтэрнат з нечаканымі адмысловымі праверкамі. Акрамя студэнтаў на кожным з курсаў, як ужо ведаў Ігнат Мазур, шыфравалася шмат ціхароў, вызначыць якіх было даволі няпроста. Курыраваў іх на факультэце ці то аспірант, ці то лабарант і адачасовы арганізатар кавээзаў Віктар Епіфанаў – тыповы самаўпэўнены русак, але з псеўдапрэтэнзіямі на інтэлектуальнасць і ледзь не дэсідэнцтва. Урэшце, як інтуітыўна разумеў студэнт Ігнат Мазур, такіх асобаў лепш за ўсё пазбягаць і ні ў якім разе не ісці з імі на шчырую размову – тое заўсёды было небяспечна. Яшчэ паўсюдна ішлі адгалоскі справы нацыяналістаў – групы студэнтаў з філалагічнага факультэта, якія суполкай запатрабавалі выкладаць усе прадметы на беларускай мове. Групу разагналі, многіх павыключалі з універсітэта, а стукачоў, наадварот, прыхільна размеркавалі ў Менску альбо нават пакінулі ў аспірантуры.
Роздум яго прадказальна перапыніла Юля Маракова, якая апошнім часам абазначана тулілася да яго. Як амаль заўсёды, яна, у адрозненне ад часам змрочнага Ігната Мазура, была ў добрым настроі. На вуснах дзяўчыны звыкла стаілася добразычлівая ўсмешка. Яна разумела гумар і любіла жарты.
– Дамоў, можа, разам пойдзем? – спытала яна. – Ты б хоць раз пару лекцый па палітэканоміі наведаў. Цябе адзначаюць кожны раз за прагулы і даносяць у дэканат. Мяркую, стараста.
– Чорт з ім, – вырвалася ў Ігната Мазура, – усё роўна гэты мутняк мне не здаць. Ён вышэй майго разумення. Але сёння папрысутнічаю. Бо пасля заняткаў затрымаюся. Ёсць справа.
– Сядзем разам.
– Ага, – паабяцаў сяброўцы Ігнат Мазур і вяла пажартаваў: – Як пракурор вырашыць.
– ?..
– Лепш казаць – прысядзем. Альбо – пабудзем