Кастусь Травень

Брыгадны генерал (зборнік)


Скачать книгу

якія пачынаюць гэтую вольніцу лайдакоў падпарадкоўваць, мусова зганяць у гурты і суполкі.

      Мясцовы аўтарытэт, генерал-маёр Бадаеў, якога вылучыла тутэйшае грамадства кіраваць тэрыторыяй, паклікаў да сябе Бахановіча, і калі той прымчаў з сваёй сотняй узброеных людзей на легкавіках і камазах, і ягоная ахова звыкла заняла самыя лепшыя камяністыя ўзгоркі і гэтак прафесійна ўзяла на прыцэл ахову генерала, што той, калі выйшаў з сваёй зялёнай юрты, задаволена зазначыў:

      – Слушна, цябе і вучыць ня трэба. Усё сам ведаеш!

      Генерал Бадаеў дакрануўся ківуном да свайго чорнага вуса, палашчыў яго і запытаў, узіраючыся сваімі чорнымі пякучымі вачыма ў сінюю бязмеж вачэй Стаха Бахановіча:

      – Даю табе чын брыгаднага генерала! Далучайся да мяне.

      – А што трэба будзе рабіць пад вашым крылом? – бадзёра перапытаў загарэлы Бахановіч. Прапанова яму спадабалася, і таму ён зразу ўзяў памяркоўны і нават рахманы тон.

      – Тое самае, што і рабіў. Будаваць, будаваць і будаваць. Зарабляць грошы і сілкаваць сваіх джыгітаў. Зараз, бачыш, вайны няма.

      – А калі…?

      – Тады будзем і кумекаць, калі…

      Абодва не дагаворвалі аб будучыні. Бахановіч думаў мо з хвіліну: па ўсіму бачна, што бліжэйшых год-два вайны не будзе. За гэты час можна падзарабіць грошы на нафце, але без падтрымкі тутэйшага Бадаева гэта зараз рабілася немагчымым.

      – Так, а форму выдадзіце генеральскую, ды і нейкае ж пасведчанне трэба?

      – Усё будзе гатова праз паўгадзіны, – заспакоіў яго Бадаеў. – Зараз пап’ём гарбаты, каньячку, а службоўцы ўсё падрыхтуюць.

      Яны сядзелі пад спякотным сонцам за доўгім сталом, за якім мясцовыя кунакі, аўтарытэты і аксакалы з чорнымі і сівымі бародамі пілі зялёную гарбату, пільна пазіралі і ўважліва слухалі. Бадаеў, кульнуўшы з Стахам некалькі чарак дагестанскага каньяку за новага брыгаднага генерала, пачаў даваць Бахановічу ваенныя парады:

      – Ніколі не вагайся на вачах падначаленых! І не бойся маскавітаў, нават тых, хто скончыў акадэмію Генштаба. Яны ўмеюць прэсаваць толькі на мапах ці пры суадносінах сіл 10 да 1 на іх карысьць..

      Абодва генералы не любілі маскалёў, бо прараба Бахановіча тыя некалькі разоў ашукалі на дзесяткі тысяч замежных адзінак, а Бадаеў сам кідаў маскоўцаў на добрыя дзесяткі і нават, страшна падумаць, сотні мільёнаў і цяпер чакаў немінучага пакарання за свае фінансавыя махінацыі.

      Потым Стах прамераў вайсковую генеральскую палявую форму, якая яму не спадабалася – акрамя пагонаў, што ёмка ляжалі на ягоных плячах, – бо не было штаноў з лампасамі. Ён не вытрымаў і запытаў генерал-маёра:

      – Прабач, кунак,[5] але я не бачу штаноў з лампасамі.

      Бадаеў быў якраз у гэткіх парадных сініх штанах з чырвонымі лампасамі і ў зелянковай лёгкай кашулі з генеральскімі палікамі.[6] Зразу было бачна, што гэта сапраўдны генерал, і Бахановіча нібыта крыху непакоіла думка, што паколькі яму не