суседкам, маладзіцам. Маладзіц ён пяшчотна гладзіў па плячах і шчыра цалаваў у абедзьве шчакі, а некаторых ў самыя пякучыя і трапяткія вусны. Расцалаваўшы ўсіх і моцна ўсхваляваўшы маладых кабет, ён узважана загаманіў:
– Помню, помню! Усіх помню! У цяжкія моманты, у далёкіх краёх заўсёды помніў усіх сваіх землякоў-быхаўцаў.
Як бывае ў любой тусоўцы між палкімі і рамантычнымі, што загараюцца ад першых ўзнёслых слоў, тут прысутнічалі тыя самыя тутэйшыя сціплыя быхаўцы, што ніколі не ловяцца на аніякія самыя ліслівыя словы, якія нікому не верылі і раней, і тым больш не вераць у цяперашні час. Мабыць, яшчэ з старадаўніх часоў, калі маскалі ашукалі тутэйшых падчас трэцяй аблогі Быхаўскай крэпасці,[13] вось з тых часоў узнік і захаваўся да сённяшняга часу гэты недавер.
Перабудова вялікай дзяржавы, а потым уласныя грошы, што прапалі на ашчадных кніжках, умацавала іх скептыцызм. Вось і цяпер некаторыя прысутныя мужчыны, з тых, хто пільна ўзіраўся і шмат бачыў, мінакі, суседзі і нават сваякі, недаверліва пазіралі на Стаха. Хвёдар Рудкоўскі – тутэйшы рыбак-браканьер, кантрабандыст, аб нечым шаптаўся з асцярожным Міхасём Злаціным. Адсутнасьць генеральскай формы найбольш уздзейнічала на свядомасьць месцічаў, гэта быў той козыр, які дазваляў валадарыць меркаванню ўпёртых сабілаўскіх[14] скептыкаў, як Хвёдар і Міхась.
– Паднабіў кішэню на поўдні, гэта зразумела, – пярэчыў Рудкоўскі стоячы ў купцы мінакоў і недаверліва ўзіраючыся ў Стаха.
– Але які ён генерал? Мог купіць штаны з лампасамі на каўказскім рынку, дзе можна ўсё купіць. Гэта яшчэ не значыць, што стаў генералам.
– Так то яно так, але зімой па «Свабодзе» варожыя галасы нешта казалі пра брыгаднага генерала Бахановіча, – ціха шаптаў асцярожны Злацін у вуха Рудкоўскаму.
Да Стаха падбег рухавы і загарэлы, у белай кашулі і сініх джынсах, Піткевіч.
– Пятровіч, у дзве гадзіны будуць накрыты сталы. Каго запрашаць?
– Усіх. Я чалавек просты. Мае суседзі і суседкі, усе быхаўцы – мае браты і сёстры! – гучна прамовіў Стах, і нават цьвярозы сусед Арцём адчуў прыемную лагодную хвалю зычлівасьці і дабрыні ў сваіх пралетарскіх грудзях. Бахановіч пайшоў у хату перапрануцца і выйшаў з хаты ў звычайных белых, з кужэльнай тканіны, портках і крэмавай кашулі.
Узрушаны народ праз паўгадзіны рушыў у двор, да трох накрытых белымі абрусамі сталоў з пляшкамі вінаў, каньяку і гарэлкі, з талеркамі нарэзанай вяндліны, з салатамі аліў’е, заліўнымі языкамі з тутэйшага рэстарана «Дняпро».
Правая рука Стаха ва ўсіх справах на Каўказе, загарэлы Уладзь Церашонак узняў келіх з віном і прамовіў:
– Хачу прапанаваць прысутным узняць свае чаркі за бацьку і маці таленавітага і знакамітага Стаха Бахановіча, што, не шкадуючы жыцця і сваіх сіл, мацаваў мір у далёкіх краёх і краінах. Дзякуючы свайму розуму, таленту кіраўніка, Стах Бахановіч не праліў ніводнай кроплі чалавечай крыві. За гэта дзякуй ягонаму бацьку Петраку і ягонай маці Алёне…
Прысутныя