Анатоль Трафімчык

1939 год і Беларусь. Забытая вайна


Скачать книгу

Стварэнне ЛітБел, паводле меркавання Уладзіміра Ладысева, да ўсяго іншага яшчэ і здымала пытанне аб правамернасці далучэння ўсходніх этнічных тэрыторый да РСФСР. Гэтае аб’яднанне сталася ліквідацыяй хай сабе і намінальнай беларускай рэспублікі і выклікала крызіс у яе ўрадзе, які пакінулі тры наркамы – Фабіян Шантыр, Усевалад Фальскі і Язэп Дыла.

      У такіх варунках правядзенне І Усебеларускага з’езда Саветаў на пачатку лютага 1919 г. было больш падобным да нонсэнсу. З’езд праводзіўся па сцэнарыі, складзеным у Маскве (што затым стала рэгулярна практыкавацца), быў скліканы ў адміністрацыйным парадку з неабходным для бальшавікоў падборам кандыдатаў без уліку тэрытарыяльных прапорцый. З’езд прадубляваў рашэнне крамлёўскіх кіраўнікоў аб утварэнні Літоўска-Беларускай ССР і – як ні парадаксальна – прыняў першую Канстытуцыю БССР і дзяржаўную сімволіку.

      Рэальнай улады ў аб’яднанай рэспубліцы беларусы не мелі. Але і гэтае ўтварэнне з наступленнем польскага войска неўзабаве спыніла існаванне.

      Другое абвяшчэнне БССР у 1920 г.: in abstracto

      Вясною 1920 г. на польскім фронце сілы бальшавікоў пачалі мацнець, што, натуральна, зрабіла рэальнымі планы наступлення. У іх святле, як потым (пасля правалу пахода на Варшаву) прызнаўся Ленін, лёс зямель паміж Польшчай і Расіяй выглядаў няпэўна. Будучыня краіны залежала ад вынікаў барацьбы знешніх сіл.

      Пасля выгнання палякаў з Беларусі перад другім абвяшчэннем БССР (паралельна існавала – на афіцыйным узроўні – і назва ССРБ, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь) летам 1920 г. праціўнікі такога абвяшчэння, кіраўнікі Заходняй вобласці Рычард Пікель і Ісаак Рэйнгольд, даслалі ў ЦК КП(б) ЛіБ тэзісы «Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі».

      У гэтых тэзісах, як адзначаюць Р. Платонаў і М. Сташкевіч, беларускаму народу фактычна адмаўлялася ў праве на самавызначэнне і стварэнне сваёй нацыянальнае дзяржаўнасці з наступным падагульненнем:

      «Сучасныя міжнародныя абставіны і рэальныя суадносіны сіл між Савецкай Расіяй і капіталістычнымі краінамі Захаду зусім іншыя, чым у перыяд акупацыі Беларусі ў канцы 1918 г. У сувязі з гэтым пастаноўка пытання аб Савецкай Беларусі павінна быць іншай. <…> У перыяд рэакупацыі 1918 г. стварэнне Беларускай рэспублікі апраўдвалася ў першую чаргу неабходнасцю мець буферную дзяржаву між савецкай Расіяй і белагвардзейскай Польшчай, на выпадак засцярогі Савецкай Расіі ад нечаканага ўдару з боку белай Польшчы. Матывы этнаграфічнага, эканамічнага і культурнага характару выконвалі пры стварэнні савецкай рэспублікі пабочную ролю. <…> Цяпер барацьба Савецкай Расіі з белай Польшчай не патрабуе ніякіх скрытых форм. Разгром яе, стварэнне ў ёй Савецкай Рэспублікі – чарговая задача сусветнай рэвалюцыі. Адсюль неабходнасць стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі павінна быць абгрунтавана іншымі аргументамі, чым стварэнне такой у 1918 г. Імі могуць быць – этнаграфічныя, эканамічныя і культурныя