Ігар Сідарук

Выкраданьне вепрука


Скачать книгу

шалёна. І Наталка, якая шырока ракрыла рот, адразу яго прыкрыла, так і не пасьпеўшы крыкнуць. Скарыстаўшыся гэтай замінкаю, бацька ўваліў-такі ёй у ложак нерухомае сьвінячае цела, і пляхнуў зьверху на іх абоіх шырокую коўдру якраз тады, калі Наталка яшчэ нешта прамычала, аднак пачуўшы зацятае матчына “Міліцыя!..”, зьнерухомела.

      – Чаго доўга не адчыняеце, вашу маць! – злосьць так і перла са шлунак Стралкоўскага.

      – Ды спалі мы, спалі, – наганяла на сябе, наколькі магла, сонны выгляд, Марылька. – Ці мала хто грукае. І пярун грукае…

      – Я табе пакажу пярун! – міліцыянцкі чын скіраваў сваё пуза на пераляканую жанчыну. – Ну, дзе схавалі?

      – Каго?

      – Каго, начальнік? – перапытаў сьледам за жонкаю Грысь.

      – Самі далжны знаць! – адрэзаў Стралкоўскі. А ягоны памочнік Малюк падцьвердзіў:

      – Бо ня першы год замужам, я так палагаю?..

      – Ды замужам, замужам, – пагадзілася Марылька.

      – Ты адказвай па форме, калі цябе пытаюць, а не дуры галавы! – адрэзаў Малюк. – Сыгнал паступіў. – Ён рыгнуў. – Мы правяраем. – І пахіснуўся. – Дзе схавалі?

      – Ды каго, каго? – абсьлюмачаны ражок хусьцінкі зноў нырнуў у марылькін рот.

      – А то ня ведаеце, – сьледам за Малюком адрыгнулася й Стралкоўскаму. Ён паспрабаваў узьняць палец угору, але толькі й здолеў, што ўтрымаць яго на ўзроўні пуза. – Сьляды! Да вас прывялі, вашу маць!..

      – Вой, ня лайцеся, вой, ня лайцеся, – зачасьціла жанчына. – Ня знаем мы нічога й ня ведаем. Якія сьляды? Куды прывялі?..

      – Ну!.. – запытаў-падцьвердзіў жончыны сумненьні Грысь.

      – Ты ня “нукай”, а хату паказвай! І падворак!.. – адрэзаў Стралкоўскі.

      – Ды глядзіце, раз трэба, – зьмірыўся з непазьбежнасьцю Чаравячка.

      І ўчастковы з памочнікам пачалі глядзець.

      А паколькі самагонныя пары яшчэ трывала ўладарылі іхнімі целамі ды мазгамі, дык шмон атрымліваўся ў іх нейкі бесталковы. Міліцыянтаў хістала. Перад вачыма ўсё плыло. Малюк “зь мясам” абарваў некалькі шафак на кухні, пакуль правяраў іхняе зьмесьціва, не на жарт думаючы, што Чаравячкі да гэтай пары поўнасьцю разьдзелалі вепручка ды расхавалі яго па частках абы куды. Біўся посуд, зьвінелі пустыя вёдры, ляцелі дзяжурныя мацюганы. Трымцела Марылька, як нічога ніякага туліўся ў куточку Грысь.

      – А там што? – паказаў Стралкоўскі на бакавушку і скіраваўся да яе, ледзь не перакуліўшыся праз бразнутае на падлогу вядро.

      – А, там!.. – запабег яму наперад Грыська. – Дачка там. Сьпіць яна.

      – А мы гэта зараз праверым! – адстараніў Грыся Стралкоўскі ды расхрыстаў дзьверы.

      Дакладна ў той момант, калі міліцыянцкі бот улупіў у дзьверы, хмялюга пачала выветрывацца са сьвінскай душы Магамая. Ён, спачатку, праўда, ня гучна, зарохкаў ды заварушыўся пад коўдраю. Наталка хацела закрычаць, ускочыць і кінуцца прэч, куды глядзяць вочы. Але ў суцэльнае цемры пад коўдраю перад вачыма пачало зіркацець пагрознае слова “Саўдзельніца! Саўдзельніца!..”, і яна, убіўшыся зубамі ў сваю руку, вырашыла маўчаць, наколькі будзе хапаць ейных дзявочых сілаў. Сьмярдзела хлявом,