Ігар Сідарук

Выкраданьне вепрука


Скачать книгу

зноў паўтарыла Марыська, але не падыходзіла да Грыся й блізка.

      – Ага, зараз!

      – Заб‘есься, дурніска ідыёцкае!..

      – Вой, не мяньці! Мо ж, не забьюся.

      – Пэўне, скажаш, што дротам гэным сьвінчо змярцьвіш?

      – А то! – Грысь насьцярожана агледзеў кабанчыка. Той болей ня бзьдзеў і не варушыўся. – Гатовы!..

      Але толькі апошняе слова зьляцела з вуснаў Чаравячкі, як Магамай пачаў хоць і ціха, аднак агідна, працягла, роспачна, проста-такі па-сьвінску адчайна павіскваць.

      – Ах ты, падла! – пераможніцкі аптымізм хутка стлеў у нязьведнай цемры душы Чаравячкі. – Бач ты – жывое, сьмярдзюшэнства паскуднае!..

      Тут Грысь стаў нешта прыпамінаць са сваіх, ужо недасяжна далёкіх, урокаў фізыкі. А менавіта прымроілася яму, што нібыта ў вадзе напруга электратоку ўзрастае, таму маланкавы разрад у залеву такі небясьпечны…

      – Вядро давай!

      – Якое вядро?

      – Рабое! Во, што на калодцы стаіць, з вадою!

      І не пасьпела Чаравячыха ўхапіцца за дзюралевае вядро, як Грысь вырашыў дакладна паўтарыць сваю электразабойчую апэрацыю, але ўжо з гідраўдасканаленьнем.

      – Давай, сюды паднось! – тупнуў ён нагою побач з самуськім Магамаем. Марыля паднесла. – Стаўляй усутыч! – Марыля паставіла.

      А паколькі два канцы дроту па-ранейшаму былі ўтыцнутыя ў разетку, дык Грысю толькі й заставалася, што ўмакнуць канцы, побач зь якімі ён трымаўся за ізаляцыю, у ваду ды адначасна дакрануцца імі да рэбраў Магамая. Але на гэты раз ён не ўлічыў аднаго: што ягоная Марыська не пасьпее адвесьці руку ад вядзернае дужкі. Марылю ўрэзала токам так, што жанчына адразу пераламілася напалам. Твар стаў чорны, язык прыкіпеў да паднябеньня; ёй падалося, што руку адарвала ці выкруціла за плечы.

      Перапужаўся й сам Грысь: машонка сьцялася, на патыліцы валасы заварушыліся самі сабою.

      – Марылечка! Ты жывая? – чужынскім голасам вычавіў ён зь сябе.

      – Й-а-а… Я-а… Ты што? Ты што, вылюдак роду ты чалавечага?.. – хапалася шарарахнутая токам Марыля за сэрца, нібы хацела яго вырваць ды выкінуць прэч.

      – Марыля!.. – зноў равануў Чаравячка, і ў гэты момант на двары пачуліся нечыя прыцішаныя галасы…

      Недзе за паўгадзіны да таго, як Марылю працяла навылёт электратокам, сусед Чаравячкаў зажытны куркуль Андрэй Шупенька прачнуўся ў сваім ложку ад занадта ўжо гучнастрэльнага ляскату грому. Ён паляжаў, раз-пораз ловячы вачыма бліскавіцы за вакном ды думаючы, як моцна сьпіць перад пачаткам навальніцы ягоная, усё болей яму чужая, жонка Верка. Потым Шупеньку падумалася, што няблага было б выйсьці на двор. І ня толькі да ветру, а на ўсялякі выпадак праверыць гаспадарку. І хоць Андрэю ня надта хацелася выпроствацца зпад коўдры ды адрываць ўпацелае цела ад гарачага жаночага боку, аднак перакат грымотаў прымусіў Шупеньку ўсё ж падняцца.

      Ужо на ганку яму зрабілася неяк трывожна. Не разумеючы, адкуль і што ўзялося, ён, забыўшы справіць сваю малую патрэбу, адразу пашыбаваў да таго самага хлеўчуку, дзе кватаравалі ягоныя ўкормныя два кабанчыкі.

      Першае слова,