Ігар Сідарук

Выкраданьне вепрука


Скачать книгу

Цьвікі чые? – падскокваў на мейсцы Лявон. На смурод гніючае скуры зьляталіся жоўта-зялёныя мухі. Адну зь іх ён злавіў, кінуў у рот і разжаваў рэштамі пярэдніх зубоў.

      – Ах ты, гаўно! Сука! Лярво падлючае! – ірвануў за брудную кашулю на сябе Дрон Лявона і хадохаў, і хадохаў яму каленкаю, стараючыся трапіць у самыя вочы. – От табе “гы”, падла! От табе “гы”! Гы? Гы, гы?

      – Ты ж мне… Ты ж мне… вока… А-а-а! Вока ня маечкі, гад! – пляжыўся сьлязьмі й крывёю на зямлі Печань.

      – А ты схадзі, папрасі – можа, верне. – Дрон зноў сплюнуў. – Ты што – ня верыш? Ня верыш? – нечакана сьціх ды пасур'ёзьнеў той.

      – Я… – (Зноў паўза, на гэты раз даўжэй за звычайную.) – Я… А во як я! – і ўжо жохнуў Лявону нагою так, як толькі мог, укладваючы ў замах увесь свой зацяты адчай.

      Ягоны нэрвовы суразмоўца брыкнуўся ды змоўк.

      На гэты раз – надоўга.

      Здавалася, паселішча працяла ціш. Але так толькі здавалася.

2

      Яны выпаўзьлі. Усе, адкуль хто мог. І пасунуліся, пацягліся, падзёрліся, пашвэндалі, павалюхаліся, пашкандыбалі, папёрліся, павалачыліся, пагрэбалі, узьбіваючы хто атопкамі, хто босымі пятамі сухі, уедлівы, атрутны пыл няшчаснай дарогі.

      І прыйшлі. І абступілі шчыльна той самы – я г о н ы – буданчык. Па-жульніцку здрадна плакала нечае дзіцятка.

      – Ды прыцісьні ты яго, Божа! Дай сюды!.. Дзіцятка адабралі, прыціснулі, сунулі назад скавытна-счарнелае маці.

      – Цыць! Будзе жыць.

      Спачатку маўчалі. Нібы баяліся нечага ці чакалі. А потым:

      – Ну, ты!.. Бач ты, з-зараза!.. Давай! Ну!.. Дапаможам, як што… Нацярпеўся, не?.. Мала? Мала, выродьдзе паганае? А нам як, га? Думаеш ты сваёй башкаўнёй сранае ці не? Што ж ты – на цьвіках сваіх, га? А малыя гэтыя во няшчасныя – ты пра іх, пра іх, га?! Трэскі жарэм!.. Сікі п'ем! Пілаваньнем да ветру ходзім! (Паўза, прыслухаліся.) Ды ён што – не варушыцца там ці што? А воцат?.. Губку з воцатам – давалі?

      – Давалі… Усё давалі. І дзідай пад рэбры, і церні… – усё!

      – Ну то якога!.. Яко-о-ога! – і ўжо роў, ужо бурбалкі шкамутнае сілы, апошні сьляпы прыстанак адчаю.

3

      І ў ярым бязвольлі білі яны цела нагамі, стараючыся трапіць у голы, напяты жывот ды вышэй, хісталі крыж, плявалі на яго і абмазвалі брудам. Сатанелі кабеты. Задзіралі спадніцы, паказвалі яму свае шырокія й вузкія азадкі, мярзотна рычэлі, трэсьлі перад ім хто згаслымі, адгарэлымі немаўлятамі, а хто ўкручанаю ў лапушыну палянякаю. Нават Лёня Печань, трымаючыся за адбітыя свае, апухлыя яльцы, прапоўз скрозь і, закалупнуўшы з самога сябе ладны згустак струпянела-зялёнага сьмердзюіска, гэтым самым пальцам прабіў па чарзе я г о н ы я ашкалелыя вочы.

      – Ну, бля, прасьвятляйся!.. Уваскрасай! Узнасіся!..

      Але ён не ўваскрасаў. І не ўзнасіўся. Мёртвае цела там-сям агалілася пад шэра-бруднае поўсьцю, беспрытульнымі шматкамі перакочвалася яна па зямлі. Змарнелае тоўпішча раптам замёрла, ня ў сілах адарвацца ад ашчэранай усьмешлівай пашчы.

      І толькі Дрон Качалка ляпіў вока не туды, куды ўсе. Плешкі новых, яшчэ не праржавелых цьвікоў-“сотак” прыціскалі да дрэва сухія сабачыя лапы.

      “А