Зінаіда Дудзюк

На парозе раю


Скачать книгу

будзеш маёю каралеваю на адну ноч, – урачыста абвясціў ён.

      – Чаму на адну ноч? – зноў уражана спытала яна.

      – А на колькі ты хочаш? На дзве, на тры?

      – На ўсё жыццё. Я моцна кахаю вас, Сяргей Анатольевіч.

      – У партызана век вельмі кароткі. Сёння ёсць, а заўтра – няма.

      – З вамі нічога не здарыцца, вы не ходзіце на заданні, – спакойна адказала Клава.

      – Што? Ты мяне папракаеш? Я па-твойму пры штабе аціраюся? А ты ведаеш, колькі ў мяне такіх сувязных, як ты? Усім трэба даць заданні, асэнсаваць вынікі зробленага, распрацаваць стратэгію і тактыку далейшых дзеянняў! Ты хоць уяўляеш, аб’ём работы, якую мне даводзіцца выконваць? Я па трое сутак не сплю!

      – Прабачце, Сяргей Анатольевіч, я зусім не хацела вас пакрыўдзіць. Мяркуючы па зводках саўінфармбюро, хутка прыйдзе вызваленне. Вайна скончыцца. Не варта думаць пра смерць.

      – Гэта для жанчын вайна скончыцца, а мужчыны пагоняць фашыстаў далей, на захад.

      – Я заўсёды буду вас кахаць і чакаць, Сяргей Анатольевіч.

      – Мне не трэба заўсёды, я хачу цябе зараз, – катэгарычна сказаў ён і памкнуўся абняць Клаву.

      Яна адхіснулася і адказала:

      – Я вясковая дзяўчына старасвецкага выхавання. У нас не прынята жаніцца па-сабачы без сватоў і шлюбу. Мне пара, бывайце.

      Клава памкнулася да дзвярэй зямлянкі, але Сяргей абхапіў яе за плечы, затрымаў:

      – Ну, куды ты, дурненькая? Я цябе не пакрыўджу. Нам будзе добра, пабачыш.

      – Не хачу я вашага дабра, – адказала Клава, вырываючыся з ягоных абдымкаў.

      – Я цябе нікуды не пушчу, – утрымліваў яе за рукаў Сяргей. – Ты будзеш мая, мая, уся, уся, – яго свавольныя рукі абмацвалі яе грудзі.

      – А я заўтра ўсё камандзіру раскажу! Вы п’яны, і невядома што вырабляеце!

      Клаве раптам здалося, што яна баіцца гэтых ачмурэлых вачэй і ўчэпістых рук. Яна бараніла сябе, сваю годнасць і пры гэтым кахала яго, такога жаданага і чужога.

      – Ты не сувязная, ты даносчыца! Ты шпіёнка! – злосна прамармытаў Кедраў. – Заўтра ж напішу рапарт, каб цябе арыштавалі і расстаралялі за тое, што ты ў такі адказны час адмаўляеш савецкаму афіцэру ў самым неабходным!

      Ён, няпэўна стоячы на нагах, раптам зарагатаў хрыпла і жорстка, быццам уявіў, як яе будуць расстрэльваць і зласліва радаваўся гэтаму.

      – Пішыце зараз, калі ўтрымаеце аловак у пальцах, – з’едліва адказала Клава, вырвалася, адштурхнула Кедрава і памкнулася да выхаду.

      – Змяя балотная! Тваю маць! – пачула яна ўслед і хуценька зачыніла за сабою дзверы, адбегла, схавалася за сасну, баялася, што Сяргей кінецца даганяць.

      Зімовы лес насцярожана маўчаў, толькі зрэдчас патрэсквалі на марозе дрэвы. Неба завалакло хмарамі, там-сям праз іх дзіравы невад праглядвалі зоркі. Напэўна, на адлігу. Сувязная пастаяла ў нерашучасці, падумала, мо варта вярнуцца, я ж яму падабаюся. Ён так сябе паводзіць таму, бо напіўся. Але тут жа сама сабе сказала, што, калі кахае, дык будуць новыя сустрэчы. Ён яшчэ будзе прасіць прабачэння за сваё нахабства.