Зінаіда Дудзюк

На парозе раю


Скачать книгу

яе светлага кахання. Але што зробіш са сваёю апантанаю душою? Як ні ўгаворвай яе, якія доказы ні прыводзь, а яна цягнецца, бы кветка да сонца, да адзіна каханай асобы.

      Калі Антопаль быў вызвалены, адразу пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Тады сакратаром райкама партыі быў прызначаны Іван Самуілавіч Сіроцін. Клаве Мартынюк прапанавалі пасаду сакратара па ідэалогіі, вядома, каму ж яшчэ, як не ёй, падпольшчыцы, партызанцы было заняць гэтае адказнае месца. Клаўдзія з сухім і строгім выглядам курыравала працу сакратара райкама камсамола таварыша Кедрава, і не прамінала, каб не паўшчуваць за недахопы і недастатковую працу сярод моладзі. Час той быў напружаны. Па лясах у зграі збіваліся ўзброеныя мужчыны з ліку тых, хто не прымаў савецкую ўладу ці баяўся яе, а найбольш было звычайных дэзерціраў, якія пазбягалі мабілізацыі, каб не трапіць на вайну. Трэба было ісці ў самую гушчу людзей, агітаваць за савецкую ўладу, абяцаць залатыя горы і ўтрымліваць хісткую раўнавагу ў раёне. Дарогу да дома Вышанскай Кедраў быў вымушаны забыць, бо ў хуткім часе прыехала з Масквы ягоная жонка. Пасля гэтага адносіны ў Кедрава з Мартынюк сталі амаль прыязныя. Камсамольскі правадыр з усяе сілы стараўся выслужыцца, але пры гэтым сам уважліва сачыў за ёю, часам мог і падкусіць пры нагодзе. Клава прапускала міва вушэй ягоныя кпіны, і, напэўна, усё было б добра, каб не Сіроцін. Ах, Сіроцін, Сіроцін… Іван Самуілавіч, яна так спадзявалася на падтрымку, мужнасць, разуменне.

      Ад гэтых згадак разбалеліся сэрца і галава. Клаўдзія Міхайлаўна паднялася, яе моцна павяло ўбок. Жанчына села на ложак, дацягнулася рукой да ўключальніка, шчоўкнула – загарэлася святло, зірнула на гадзіннік, было каля трох гадзін ночы, пашукала на кухні таблетку нітрагліцэрына, паклала яе пад язык. Памерала сабе ціск нязручным танометрам і жахнулася. Стрэлка паказала 160 на 100.

      «Гэта ж трэба, дурніца старая, расхвалявалася з-за леташняга снегу! Ды пайшлі яны ўсе! Даруй, Божа! – падумала яна, наліваючы з чайніка ў кубачак вады і запіваючы таблетку клафеліна. – Усё, ніякіх успамінаў і думак! Спаць! Спаць! Бо заўтра буду зялёная, як вадзянік».

      Жанчына падышла да акна, паглядзела на пустую, цьмяна асветленую ліхтарамі вуліцу, узняла вочы ўгору, дзе ззялі зоркі. «Адзінае неба ніколі не губляе свайго хараства і не старэе, – падумала жанчына. – Можна бясконца глядзець у яго і не нагледзішся, але трэба хоць трохі паспаць». Яна лягла ў пасцель, уздыхнула і аціхла ў чаканні сну.

5

      Юля спазнялася на спатканне, але не прыспешыла крок, ішла па набярэжнай, паглядвала на спакойную роўнядзь ракі, якая ўсё ж такі цякла незаўважна, не спыняючыся ні на хвіліну. Гэтак струменіць і жыццё, незаўважна і будзённа, у памкненнях і клопатах. Сёння яна паспела да абеду напісаць артыкул пра Клаўдзію Мартынюк пад назваю «Палеская кветка ў Сібіры». Цікава, як успрыме гэты матэрыял рэдактар? Ён з тых абачлівых людзей, што сем разоў саломку падсцеліць, перш чым не тое што ўпасці, а проста сесці. З другога боку, яго можна зразумець. Каб