замахнуўся, і з лёгкім свістам гачок паляцеў далёка ў раку, размотваючы за сабою лёску. Шпулька вуды закруцілася хутка-хутка, але так ціха, што яе звычайнага ляску стары амаль не пачуў.
– Ну, з такой вудай мы сёння пэўна вернемся з рыбай, – задаволена прамовіў дзед. – А ты, юны вудаль? Закідвай! Ці не развучыўся яшчэ? – падахвочваў ён унука.
– Я? Не-а! – пахітаў Янка галавой.
У яго, безумоўна, не было гэтулькі досведу наконт рыбацкай навукі, як у дзеда, але вудай малец ужо ўмеў карыстацца. Хай сабе і не як праўдзівы рыбак, але досыць добра і спрытна. Хлопец замахнуўся і таксама закінуў гачок у раку.
– О, малайчына! – пахваліў яго дзед. – Добры рыбак!
– Ну дык ёсць у каго!
І яны, задаволеныя сабой, распачалі лавіць рыбу. Пэўны час гэта адцягвала разважанні Янкі. Але, гледзячы на павольную плынь ракі і на паплавец, які калыхаўся на воднай роўнядзі, думкі самі сабой вярталіся да хлопца.
– Дзеду! – паклікаў ён.
– Ну чаго, Янка?
– Слухай, а што гэта за шалом такі са шчытом быў над люстэркам? Да герба так падобна.
– Дык гэта і ёсць герб, – усміхнуўся стары.
– Цікава! А ён проста так там вісіць ці чыйсьці?
– Гэта герб тваіх продкаў!
– Маіх продкаў? У нас што, быў свой герб? – шчыра здзівіўся хлопец.
– Наш род належаў да гэтага герба і карыстаўся ім.
– Гэта як?
– Даўней, калі рыцары збіраліся на вайну і аб’ядноўваліся пад адной харугвай з гербам, за вайсковыя заслугі іх сем’ям мог надавацца герб. Ім яны потым карысталіся. Такім чынам многія шляхецкія сем’і займелі падобныя гербы. Наш род пайшоў ад сапраўдных рыцараў.
– Але ж!
Янка быў гэтак здзіўлены, гэтак усхваляваны, што мог бы выпусціць вуду і не заўважыць таго.
– Ашалець можна! – не мог ачомацца хлопец. – А чаму я нічога дагэтуль не ведаў?
– Папраўдзе, гэтага нават твой бацька не ведае. Я пра тое асабліва ні з кім не размаўляў.
– А чаму?
– Ну як табе патлумачыць? Не тыя часы былі, скажам так.
– У сэнсе?
– Калісьці за такое маглі і выправіць куды, у Сібір ці яшчэ што горай. Хаця твой бацька і нарадзіўся ўжо ў больш вольны час, але ўсё адно лепей было не распавядаць пра сваё паходжанне.
– А цяпер што?
– Ужо можна і не хаваць. Але каму гэта цяпер цікава?.. – сумна прамовіў дзед.
– Мне! – гарэлі вочы хлопца. – Вельмі! Гэта ж так істотна ведаць, – кім былі твае продкі. Асабліва калі гэтакія. Я дагэтуль пра рыцараў толькі ў кніжках чытаў ды фільмы пра іх глядзеў. А цяпер разумею, што ў маім родзе былі рыцары! Цікава ж!
– Шчыра кажучы, мяне вельмі цешыць, што цябе гэта так уразіла, – павесялеў дзед. – Можа, у цябе атрымаецца болей даведацца пра нашых продкаў. Я стары ўжо. А ў вас, маладых, усе магчымасці сёння на тое ёсць. І архівы, і бібліятэкі вунь якія, і гэтае, як яго…
– Сеціва? – падказаў хлопец.
– Ага, яно самае. Вось дзе рэч, кажуць, цудоўная.
– Усё, што пажадаеш, можна знайсці, – пагадзіўся