Алег Грушэцкі

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства


Скачать книгу

разляціцца па ўсім пакоі дробнымі аскепкамі, крануўшы і іх. Абое ў спалоху затулілі твары рукамі і адвярнуліся.

      Але аскепкі не разляцеліся, а проста з шамаценнем і звонам абсыпаліся долу. І было б зразумелым, каб шкло абрынулася аскепкамі на куфар і падлогу. Але ж яно знікла некуды ў асаду, што было вельмі дзівосна.

      Янка і Мілана павярнуліся, зірнулі на зніклае люстэрка і, нічога не разумеючы, пераглянуліся міжсобку.

      – А дзе?.. – разгублена запыталася Мілана. – Шкло… Ці хоць бы аскепкі.

      Янка пацепнуў плячыма. Ён паглядзеў на пустую асаду, а потым моцна-моцна заплюшчыў вочы і паматляў галавой, нібыта пабачыў нешта такое, чаму вочы не давалі веры.

      – Што за…

      Потым хлопец падняў руку і паспрабаваў дакрануцца да таго месца, дзе яшчэ колькі хвілін таму было люстэрка. Там дакладна мусіла нешта ж быць – ці сцяна, ці дыхта. Хоць нешта. Але замест таго яго рука проста трапіла ў нейкую пустэчу.

      – Што за… – ізноў паўтарыў ён, не ведаючы нават, што і думаць.

      Мілана стаяла з разяўленым ротам. Яна таксама адмаўлялася верыць сваім вачам. Янка тым часам выцягнуў руку з пустэчы, затым ізноў апусціў яе туды, сам сябе правяраючы.

      – Што там? – запыталася сястра.

      – Пуста. Відаць, там схаваны патаемны пакой. А мо і які патаемны ход.

      – Хто б мог падумаць?!

      – Так.

      – І што, там зусім нічога-нічога не відаць?

      – Святло, падаецца, удалечыні бачу, але нічога не разгледзець. Трэба спраўдзіць.

      І Янка паспрабаваў рукой абмацаць пустэчу. Але ён не здолеў утрымаць раўнавагу, стоячы на вечку куфра, і паляцеў у цемру. Мілана адразу ж ад спалоху заверашчала. Але неўзабаве ўцяміла, што трэба нешта тэрмінова рабіць, і ўскочыла на куфар. Дзяўчына перахілілася праз край люстэрка і пачала клікаць брата, беспаспяхова водзячы рукой у цемры.

      – Янка, Янка! Дзе ты, братачка?

      Дзяўчына была не на жарт спалоханая. У яе нават прамільгнула страшэнная думка аб страце брата. Мілана роспачна паклікала яшчэ раз:

      – Янка, Ян! Дзе ты?

      – Я тут, Мілана! – прыцішана пачулася недзе ў глыбіні.

      – Ян? – не паверыла яна сваім вушам. – Як ты там? З табой усё добра?

      – Так, ідзі сюды! Тут так прыгожа!

      – Куды? Я нічога не бачу.

      – Проста скачы долу. Дай веры, усё будзе добра!

      – Ну добра. Глядзі, калі што.

      Дзяўчыну крыху адольвалі сумневы, але голас брата гучаў так упэўнена, так пераканаўча. Яна закінула нагу, падцягнулася і… скочыла ў цемру.

      Мілана апынулася на невялічкай горцы, якою плаўна з’ехала долу. Яна вылецела праз пройму і раптам пабачыла неверагодна прыгожы сонечны лужок. Дзяўчына нават не адразу асэнсавала, што трэба падняцца, нагэтулькі была шакаваная. Паволі ўздымаючыся, глядзела на ўсё шырока расплюшчанымі вачыма.

      – Дзе гэта мы?

      – Каб жа я ведаў.

      Мілана зірнула, адкуль яны сюды трапілі. Гэта быў стары вялізны разгалісты дуб з шырокім ды глыбокім дуплом. Яно было не такім вялікім, каб у яго з лёгкасцю пралез дарослы, але дастатковае, каб прасунуўся