Цмок.
– І яны тут існуюць?
– Насамрэч яны не такія і злосныя, хоць і з рознымі характарамі сустракаюцца. Але чаму гэты Цмок выступае на баку Волха, ніхто не ведае. Звычайна цмокі нікому не падпарадкоўваюцца. Пэўна, у Волха нешта ёсць, што змушае таго слугаваць яму.
– Ведаць бы што.
– О, тады гэта надта падважыла б магутнасць ведзьмака.
– Скажыце, пане Вуж, – звярнулася з павагай да змяі Мілана, – няўжо ва ўсім каралеўстве Сварга няма ніводнага мудраца, у якога можна было б атрымаць адказы на тое, як можна даць рады чарадзею і даведацца пра Цмокавы сакрэты. Хоць нехта ведае гэтыя таямніцы?
– Мудраца?.. Зрэшты, ёсць у нас адзін такі мудры Пугач.
– Гэта ўжо цікава.
– Але… Не любіць ён ні з кім размаўляць.
– А што так?
– Замкнёны ён, як пустэльнік. Разумееце?
– Занадта разумны, каб весці размовы з простымі людзьмі?
– Так, – зразумеў жарт Вуж. – Нешта накшталт таго. З людзьмі не любіць размаўляць, ды і ні з кім наагул. Ведае, калі не ўсё, дык дужа багата, а вось гутарыць пра тое ні з кім не мае ахвоты.
– А мо не так спрабавалі завесці з ім гаворку? – запыталася Мілана.
– У сэнсе? – не зразумеў Вуж.
– Можа, усе прыходзілі да яго толькі з пытаннямі, як да бяздушнага даведніка? А ён жадае, каб да яго прыйшлі проста шчыра паразмаўляць, як да цікавага сябра і суразмоўцы.
– Авохці мне! – здзівіўся Вуж такому нечаканаму падыходу. – А ведаеце, мажліва, вы і маеце рацыю. Усе прыходзілі да яго адно таму, што ім усім было нешта трэба, але ніхто не прыходзіў да яго проста на госці, па-сяброўску. Паспрабуйце, а раптам з вамі ён падзеліцца сваімі ведамі…
– А як жа нам трапіць да яго?
– Я завяду вас, калі жадаеце, – зычліва прапанаваў Вуж.
– О, як гэта велікадушна з вашага боку, – усцешыліся Мілана з Янкам. – Мы будзем вельмі ўдзячныя.
– Ну што вы, – збянтэжыўся Вуж. – Калі ў вас нешта атрымаецца, гэта нам самім на карысць.
Падарожжа да мудрага Пугача. Каралеўскі замак
Вуж іх адразу папярэдзіў, што падарожжа будзе доўгім і цяжкім. Але ў той самы час яно абяцала быць і цікавым. Шлях пралягаў непадалёк каралеўскага замка, які Янку і Мілане надта карцела пабачыць. І яны паставіліся да гэтага падарожжа, як да вясёлай прыгоды, а не як да нечага цяжкага і небяспечнага.
Дзеці апошні раз зірнулі на дуб, праз які тут апынуліся, агледзелі наваколле, спрабуючы яго запомніць. І рушылі ў дарогу.
Вуж, нягледзячы на свае памеры, досыць спрытна плазаваў, і Янка з Міланай за ім ледзь паспявалі. Дуб заставаўся ўсё далей і далей, а неўзабаве і лес пачаў радчэць. Урэшце ён скончыўся, і кампанія апынулася на ўскрайку. Перад вачыма дзяцей паўстаў неаглядны абшар палёў сярод невысокіх узгоркаў. І бясконцы-бясконцы далягляд. І дзесьці амаль на даляглядзе ўзвышаўся Каралеўскі замак. Які ж ён быў вялізны! А таксама па-свойму прыгожы і непараўнальны з іншымі. Ад яго так і веяла моцай і веліччу. Страшна было падумаць, што ўсё гэтае хараство належыць ліхому чарадзею, якога язык не паварочваўся назваць