ёй братка, – я сам спужаўся.
І яны, усміхнуўшыся адно аднаму, павярнулі ў бок вёскі і працягнулі чакаць Вужа.
Мінула яшчэ колькі часу. Дзеці пабачылі, як нейкі мужчына з ладным скруткам набліжаецца да іх, а побач паўзе Вуж.
Дайшоўшы да ўскрайку вёскі, незнаёмец прыпыніўся і агледзеўся. Напэўна, правяраў, бачыць яго хто-небудзь ці не. Пераканаўшыся, што яго не заўважылі, ён рушыў далей ужо значна хутчэй.
Незнаёмы з Вужом наблізіліся да хмызняку, спыніліся каля Янкі і Міланы.
– О, рады вітаць у нашых землях, юная каралеўна і высакародны рыцар, – прамовіў незнаёмец.
– Дзякуй, шаноўны, але мы не… – нешта захацеў адказаць ці патлумачыць Янка, ды Мілана неўпрыцям пхнула яго ў бок.
– Мы так удзячныя за вашы прывітанні і пашану, – дагаварыла замест брата дзяўчына.
– Мне Вуж апавёў, што вы жадаеце застацца незаўважанымі. Я тут сабраў некаторыя рэчы. Спадзяюся, яны вам нададуцца. А яшчэ прыхапіў крыху ежы і пітва. Як я разумею, вы доўгі час былі ў дарозе і, напэўна, згаладаліся.
– О, як тое дарэчы. Гэта так з вашага боку… – хацеў падзякаваць Янка за адзежу і за пачастунак, але незнаёмец яго перапыніў.
– Ды што вы, што вы, не варта падзяк. Для мяне вялікі гонар дапамагчы вам.
– Але ўсё адно шчыры вам дзякуй. Ваша дапамога нам цяпер дарэчы.
Незнаёмец схіліў галаву.
Юныя падарожнікі развязалі вузельчык і разгарнулі скрутак. Адразу смачна запахла едзівам. Дзеці ўдыхнулі, але пакуль адклалі харчы ў бок. Іх болей цікавіла прынесеная адзежа, ад якой залежала іх небяспека. Хто ведае, каго яны яшчэ тут сустрэнуць? І быць падобнымі да мясцовых жыхароў было вельмі істотна, бо адрознівацца – значыць, звяртаць на сябе ўвагу.
У скрутку дзеці знайшлі ёмістую торбу, некалькі простых кашуляў з бавоўны і – найгалоўнейшае – плашчы-накідкі. Тое, што трэба.
Мілана з Янкам хуценька пераапрануліся, а свае строі паклалі ў торбу. Дыядэму дзяўчына ахайна загарнула ды схавала на дно, каб яе ніхто не пабачыў.
Вуж агледзеў іх з ног да галавы і задаволена прамовіў:
– Во! Іншы выгляд. Цяпер вас ужо ніхто не пазнае і не зверне ўвагі. Цяпер варта падмацавацца, а тады можна і рушыць у дарогу.
– Вы чытаеце нашы думкі, – усміхнуўся Янка. – Я ад усіх гэтых прыгодаў і свежага паветра ўжо галодны, як воўк.
– Ну, гэта яшчэ не так страшна, – падбадзёрыў мужчына. – Абы не як ваўкалак. Вось гэтыя пачвары сапраўды ненажэрныя.
– Што вы, ратуй, Божа! – адмахнуўся Янка. – Бачылі мы ўжо гэтых драпежнікаў. Не найлепшыя ўражанні.
– Так, няма нам ратунку ад паслугачоў новага караля. Ай, ды і які ён кароль, – з непавагай да ўладара адмахнуўся мужчына. – Лічы, сам сябе і абвясціў ды пасадзіў на сталец. Мінулі часы добрых і высакародных каралёў. І, на жаль, канца-краю гэтаму не відаць, – падагульніў ён засмучана.
– Не адчайвайцеся, – паспрабавала падняць яго дух Мілана. – Трэба верыць у лепшае. Дабро заўжды ўрэшце перамагае ды святкуе.
– Вашы б словы, юная каралеўна… – уздыхнуў ён. – У глыбіні