якая залавiла яго з прадаўшчыцай i пад страхам выкрыцця прымусiла красцi. Шаўцоў вельмi любiў дачку i для сябе даўно вырашыў, што, калi арыштуюць, за ўсё будзе адказваць адзiн.
I ўсё ж Ядзi прыйшлося пахвалявацца. Падчас вобыску ў кватэры, калi з секцыi пачалi выкладаць бялiзну, ад адной думкi, што могуць знайсцi схованку, нешта быццам абарвалася ўсярэдзiне, цела iмгненна зрабiлася непаслухмяным, у вачах замiтусiлiся, паплылi ценi мiлiцыянтаў. Але бяда абмiнула. I на гэты раз Ядзя засталася чыстай перад законам, ёй нават спачувалi, што муж гэтулькi накраў i ўсё прагуляў i прапiў. Шаўцоў атрымаў сем гадоў зняволення з канфiскацыяй маёмасцi. Толькi канфiскоўваць на той момант не было чаго, Ядзя ўвесь прыбытак ад злачыннай дзейнасцi ператварыла ў каштоўнасцi i надзейна схавала. Праўда, забралi машыну, але для яе гэта было дробяззю, такiх «жыгулёнкаў» пры жаданнi яна магла купiць не адзiн i не два…
Нарэшце Ядзя была вольная! Цяпер трэба толькi крышачку пачакаць, пакуль усе забудуцца на суд, i яна пачне жыць як хоча! Праз паўгода Ядзя скасавала шлюб з Шаўцовым, выпiсала яго з кватэры i адразу прыдбала пуцёўку на поўдзень, да мора, каб адпачыць i забыцца на ўсе нягоды. Яна зноў стала Ядзяй Купрэйчык! У дзень ад’езду нечакана, быццам снег на галаву, аб’явiўся Калеснiк. Ядзю ахапiла панiка: восем гадоў мiнула з iх апошняй сустрэчы, i вiзiт былога каханка нiчога добрага не абяцаў.
«Колькi Калеснiк спагонiць з мяне? – адразу падумала Ядзя пра грошы. – Пэўна, нямала… А раптам захоча забраць усё? Ён не зялёны лейтэнанцiк з мiлiцыi, якi падчас вобыску не заўважыў схованку ў секцыi. Гэты знойдзе i вытрасе ўсё да апошняга рублiка…»
Але Ядзя памылялася, Калеснiк нават не заiкнуўся пра грошы i наогул у першую сустрэчу паводзiў сябе падкрэслена суха, нават афiцыйна, быццам нiчога агульнага iх не звязвала. Гэтая сухасць нават ранiла Ядзiна самалюбства, але як толькi яна даведалася пра прычыну нечаканага вiзiту, забылася на ўсё i ледзь не кiнулася да былога каханка з пацалункамi. Ён прапанаваў ёй працаваць на гарадскiм кiрмашы. Ядзя адразу зразумела перавагi новай работы, тым больш на пасадзе намеснiка дырэктара, i не хавала радасцi. Яна нават пачала какетнiчаць з Калеснiкам, некалькi разоў узгадала пра ранейшае сумеснае жыццё, але былы каханак зрабiў выгляд, што не разумее яе даволi шчырых намёкаў. Ён пакiнуў Ядзi вiзiтоўку дырэктара кiрмаша Валасевiча i хуценька, унiкаючы Ядзiных позiркаў, развiтаўся.
Цяпер Ядзi было не да адпачынку. Яна здала бiлет на самалёт у касу i на другi дзень пасля сустрэчы з Калеснiкам была ў Валасевiча. Дырэктар выглядаў гадоў на пяцьдзясят, быў невысокi, шыракатвары, з тоўстым, як дуля, носам i маленькiмi шэрымi вочкамi, што хiтра пазiралi з-пад густых чорных броваў.
– Пiшыце заяву, – пачуўшы, хто раiць Ядзю, сказаў ён, пранiзлiва агледзеў будучага намеснiка з ног да галавы i задаволена кашлянуў у кулак: вiдавочна, яна яму падабалася.
– Адразу заяву? – не паверыла вушам Ядзя.
– Вы прыйшлi працаваць цi задаваць пытаннi? Калi ставiць пытаннi, то трэба ўладкоўвацца ў мiлiцыю, – твар дырэктара расплыўся