ведаць усё, што здарылася з табою.
– Ды як не ведаць, калi i цяпер галава гудзiць, быццам званiца!
– Я не пра тое. Гнiлога Прышч пасадзiў на пяро, сам улез у ягоную апратку i выйшаў на сустрэчу з табою. Дарэчы, месца сустрэчы i пароль нам таксама паведамiлi. Так што кумекай, сышчык, адкуль могуць расцi ногi. Сустрэчу з Прышчом ты памятаеш.
– Толькi да таго моманту, як увайшоў у нейкую развалюху, – пагадзiўся Бусел, якога больш i больш цiкавiў расповед Фiлiна.
– У той развалюсе я гваздануў цябе, ты ўжо выбачай, прыйшлося самому, бо Прышч вельмi злы на вашага брата, мог не разлiчыць. А потым пераапрануў цябе ў адзенне Гнiлога, а ўсё тваё нацягнуў на яго.
– Хочаш сказаць, што той чалавек павiнен сысцi за нябожчыка Бусла?
– Спадзяюся, так i будзе, – упершыню падчас размовы скупая ўсмешка слiзганула па вуснах Фiлiна. – Над Гнiлым папрацавалi – мацi родная не пазнае, а астатняе – адзенне, пасведчанне, нават твае трусы на iм. Ты ўжо выбачай, трэба, каб камар носа не падтачыў. Нам пашэнцiла, што валасы ў вас аднаго колеру, не прыйшлося галаву адразаць…
– Карацей, пашэнцiла мне, – зморшчыўся Бусел.
– Можа, i так, асноўнае, ты жывы, хаця для ўсiх – нябожчык.
– Якое ж тут шчасце?
– Вiдаць, я занадта цябе гваздануў, павольна думаеш. Ты застаўся жывы, мяняй прозвiшча i хоць сто гадоў тапчы зямельку. Станеш новым чалавекам, Iвановым, Сiдаравым, кiм захочаш. Цяперака ўцямiў?
Фiлiн выцягнуў з кiшэнi некалькi пашпартоў без фотакартак.
– Выбiрай, якое прозвiшча падабаецца больш, тое тваё.
– Не трэба мне такой дапамогi, – адштурхнуў руку з пашпартамi Бусел, – як-небудзь сам…
Фiлiн адвёў вочы, плёснуў гарэлкi ў двухсотграмовiк, ажно разлiлася, пацякла праз берагi на стол. На шчоках ходырам захадзiлi нервовыя жаўлакi, твар счырванеў, рукi па-здраднiцку задрыжэлi. Ён каўтануў палову двухсотграмовiка i, унiкаючы глядзець на Бусла, цяжка ўздыхнуў:
– Скажы шчыра, ты прынцыпова грэбуеш маёй дапамогай цi баiшся запэцкацца?
– Прынцыпова.
– Калi так, то я абавязаны дапамагчы, хочаш ты гэтага цi не. Памятаеш, з чаго пачалося наша вайсковае сяброўства? Ты мне жыццё выратаваў.
– Ты б зрабiў тое самае.
– Не ведаю. Дзесяць гадоў дапякае гэтае пытанне, а адказу няма… Калi шчыра, мне б смеласцi не хапiла на вышынi тысяча метраў ухапiць падаючага дэсантнiка, у якога не раскрыўся парашут. Кiшка была слабаватая…
– А цяпер кiшка твая стала моцная? – здзеклiва ўпiкнуў Бусел.
– Я проста вяртаю доўг, – ледзь стрымлiваючы гнеў, прасiпеў Фiлiн i сцiснуў вялiзныя кулакi-кувалды так, ажно пабялелi пальцы.
– А цi добра падумаў? Я ведаю, хто ты i чым займаешся, для кагосьцi ты Фiлiн, а для мяне Васiль Мароз, i адразу папярэджваю: цябе будуць шукаць i знойдуць. Магчыма, гэтым прыйдзецца заняцца мне самому.
– Пакуль капiтан Бусел вырашыць асабiстыя праблемы, кiлеру Фiлiну хопiць часу спалiць за сабой усе масты i жыць там, дзе яго не знойдуць. Я буду пачуваць сябе спакойна, мы квiты: ты выратаваў мяне дзесяць год таму, я цябе – учора. Вось такая мая фiласофiя,