«О, мы іх тады ганялі». Алег азірнуўся і на суседняй лаўцы ўбачыў старэнькіх дзядка і бабульку, якія, ласкава прыхінуўшыся адно да аднаго, сядзелі побач: стары гаварыў, старая слухала. Яго чамусьці ўразіла аблічча бабулькі, але ён не адразу здагадаўся чым; потым ужо зразумеў, што тая была дужа падобная на Тоню – відаць, пад старасць яна стане якраз такою: той жа нос, тыя ж вочы, той жа прадаўгаваты, але ўжо маршчыністы твар.
Алег слухаў, як лагодна расказвае пра свае прыгоды дзядок, як уважліва ловіць кожнае яго слова бабулька, якая, пэўна ж, чула ўжо ўсё гэта шмат разоў, як ім, старым, хораша разам, і яму неяк стала балюча і шкода, што ў яго ніколі, відаць, не будзе вось такой ціхай старэчай радасці…
Другі раз ён прачнуўся ад таго, што яго нехта тармасіў за нагу. Спрасоння ён яшчэ спрабаваў адбрыквацца, але, калі расплюшчыў вочы, спалохаўся – перад ім стаяў міліцыянер.
– Уставайце, уставайце, грамадзянін, ляжаць тут не паложана, – міліцыянер усё яшчэ трос яго за калашыну.
Алег ссунуў з лаўкі ногі, сеў. Калі і як ён улёгся тут, Жавейка і сам не помніў. Відаць, сусед, на чыё плячо Алег клаў галаву, дачакаўся свайго цягніка, пайшоў на пасадку, а ён тады сам сабою абсунуўся на гнутую фанеру і разлёгся на ёй, амаль як дома.
Міліцыянер усё яшчэ не адыходзіўся ад яго.
– Дарэчы, а які цягнік вы, грамадзянін, чакаеце?
Алег не чакаў, зразумела, ніякага цягніка і нікуды не збіраўся ехаць, таму разгубіўся, захваляваўся, паспешліва пачаў думаць, які ж цягнік мог бы яму зараз падысці. Міліцыянер, відаць, заўважыў гэта – ён стаяў і настойліва, цярпліва чакаў адказу.
– Васямнаццаты, вюнсдорфскі, – успомніў нарэшце Алег.
– Што? – яшчэ больш насцярожыўся міліцыянер. – Васямнаццаты? Ён жа даўно прайшоў.
– Што вы кажаце? – паспрабаваў здзівіцца Алег і адчуў, што гаворыць словамі – нават інтанацыя тая ж! – дзяўчыны, якая цалавалася ля вагона.
– Не «што вы кажаце», а прайшоў. І калі вам, грамадзянін, ехаць на Маскву, дык не абавязкова цэлыя суткі чакаць вюнсдорфскага. У той жа бок ідзе многа цягнікоў. Сядайце і едзьце любым.
– Добра, добра, паеду, – абы заспакоіць міліцыянера, хутка згадзіўся з ім Алег.
І той нехаця, падазрона аглядаючыся, адышоўся ад яго, стаў зводдаль, зрабіў выгляд, што заняты іншым, але Жавейка разумеў, што ён усё ж цікуе за ім.
Міліцыянер, відаць, адчуў, што чалавек нікуды не едзе, і яму зараз не цярпелася апазнаць у ім якога злодзея ці бадзягу. Алегу ж не хацелася, каб зараз у яго распытвалі пра дакументы, пра тое, чаго начуе тут, на вакзале, а не дома, і таму ён, крыху пасядзеўшы яшчэ для прыліку, устаў і выйшаў на прывакзальную плошчу.
Дождж сціх. Але на дварэ не стала ад гэтага цяплей – стылая золь адразу ж бралася за рукі, за твар, студзіла нават душу.
Была ўжо глыбокая ноч. Горад спаў моцным сном – ні ў адным акне не гарэла святло. Быў самы той час агульнага, здаровага сну, калі і «совы» – тыя, хто позна кладзецца, – палеглі ўжо, і «жаўранкі» – тыя, хто рана ўстае, – яшчэ не папрачыналіся.
Горад